- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

“Мяне хрысціла баба Агата…”: рэпартаж аб евангелізацыйнай дзейнасці свецкай жанчыны

mikalaeva_baba_agata18 [1]Некалькі разоў ужо мне давялося пачуць з вуснаў знаёмых святароў пра ўнікальны выпадак у іх душпастырскай дзейнасці. На пытанне: “Дзе Вас хрысцілі?” некаторыя вернікі адказвалі: “Мяне хрысціла баба Агата”. Каб даведацца пра абставіны евангелізацыйнай дзейнасці гэтай свецкай жанчыны, накіроўваемся ў вёску Мікалаева, што ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. Там сустракаемся з дачкой бабы Агаты Фаінай Бізуновай.

Пані Фаіна адразу пачынае распавядаць пра сваю маці. “Мая мама нарадзілася ў 1900 годзе. Яе звалі Агата Літоўка. Яна была вельмі рэлігійным чалавекам, нягледзячы на тое, што ўсё сваё жыццё пражыла ў атэістычны час. А ў нашай хаце пастаянна праводзіліся набажэнствы. На Вялікдзень начное чуванне рабілі, у нядзелю на ружанец збіраліся. Хоць паблізу і не было святара, але рэлігійнае жыццё не заняпала”.

mikalaeva_baba_agata01 [2] mikalaeva_baba_agata05 [3]

– Раскажыце, калі ласка, як Вашая мама хрысціла дзяцей?

– Яна рабіла ўсё згодна з вучэннем Касцёла. Галоўку палівала вадой (захаваўся нават маленькі збанок, які яна для гэтага ўжывала), хрысціла ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Яна мела вялікую тоўстую свечку, прывезеную з Латвіі, і ад той свечкі запальвала маленькую і давала хросным. Я добра памятаю, бо сама часта, седзячы на печы, за гэтым назірала. Людзі да нас прыязджалі адусюль: і з Мінска, і з Віцебска, і з Гомеля. Гэта было зручна для іх, бо мама нідзе не запісвала факт хросту. Таму ніхто не баяўся, што будзе звольнены з працы за гэта. Палова Віцебскай вобласці ў нас пахрысцілася! Бывала, забудзецца маладая маці ўзяць беленькае адзенне для дзіцяткі, дык мая мама кажа: не перажывай, я табе дам. Дастане з шафы і аддасць для хросту. У яе заўжды было ўсё падрыхтавана.

mikalaeva_baba_agata03 [4]А як ставіліся камуністычныя ўлады да такой апостальскай дзейнасці Вашай мамы?

– Пужалі, папярэджвалі, капліцу палілі, але ў яе на ўсё адзін быў адказ: “Вы верце свайму камунізму, а я веру свайму Богу. Хоць вешайце, хоць страляйце, я верыла і буду верыць”.

– А якую капліцу палілі ўлады?

– Гэта была капліца на могілках. Мама з парафіянамі будавала яе тройчы: у 1976-м, 1979-м і 1981-м гадах. І ўсе тры былі спаленыя камсамольцамі пакрыёма ўначы, аж пакуль у 1981-м годзе людзі не збудавалі чацвёртую капліцу, гэтым разам ужо з цэглы. Гэтыя капліцы моцна заміналі бязбожным уладам, бо ў нядзелю там збіраліся людзі. Не было святара, але быў алтар, быў крыж, і там праводзіліся малітвы. Мама пенсіі атрымлівала 18 савецкіх рублёў. Дык 15 аддавала яна на капліцу, каб яе збудаваць, а тры толькі пакідала сабе.

mikalaeva_baba_agata20 [5]

Фаіна Бізунова паказвае на месца, дзе вернікі Мікалаева тройчы адбудоўвалі драўляную капліцу.

– Вашая мама была такім мясцовым святаром у савецкія часы…

– Дакладна так! Я памятаю, як да нас у 90-х гадах прыехаў ксёндз Уладзіслаў Блін, будучы біскуп. Сабралася шмат народу. Людзі пачалі пытацца: “Ойча, нас хрысціла баба Агата, ці трэба нам паўтараць хрост?” Тады ксёндз Уладзіслаў спытаў у мамы: “Раскажыце, як Вы хрысцілі дзяцей?” Мама яму ўсё дакладна расказала і паказала. Тады ён выйшаў да людзей і кажа: “Вам перахрышчвацца не трэба”. Абняў маму і кажа ёй: “Баба Агата, ты мой ксёндз!”

– Сапраўды, яе паслуга ў тыя часы проста бясцэнная!

– Мама не толькі хрысціла дзетак. Яна двойчы на год ездзіла ў Краславу і Індру, што ў Латвіі, і завозіла туды інтэнцыі для святой Імшы. Як паедзе, то паўдня прабудзе з ксяндзом. Ён на кожнай паперцы пісаў дату, калі будзе адпраўлена св. Імша. Потым мама ўсе гэтыя інтэнцыі развозіла і аддавала людзям, каб яны ведалі, калі будуць за іх маліцца. Яна таксама спявала па нябожчыках. Уяўляеце, колькі гэта ахвярнасці трэба, каб маліцца трое сутак па памерлым?!

– Гэтая ахвярнасць і Вам, пэўна, перадалася ад мамы?

– Так, нас выхоўвалі рэлігійна. А было нас у сям’і 13 дзяцей. Жылі небагата, але дружна і з верай. Мой тата таксама быў вельмі пабожны. Яму і пагражалі, і ўсяляк запалохвалі, але ён ва ўсім быў, як мама. А аднойчы, у 1941-м, ён уратаваў аднаго вязня з калоны з Беразвечча*. НКВДысты спалохаліся нямецкага налёту і пастралялі з кулямётаў тысячы чалавек. Многія з іх былі нават не асуджаныя, а проста пад следствам. Той чалавек, якога ўратаваў тата, быў з Ушачаў. Ён быў паранены, але схаваўся пад мостам, і яго не дабілі. Дык тата яго прывёў да нас дамоў і некалькі месяцаў даглядаў яго, пакуль той не паправіўся.

Пані Фаіна ўмее шмат і цікава распавядаць. Наша размова працягваецца на тых самых могілках, дзе бязбожнікі тройчы палілі каталіцкую капліцу і дзе цяпер стаіць новая, цагляная, збудаваная за сродкі сям’і Літоўкаў і католікаў вёскі Мікалаева. Пані Фаіна паказвае нам закрыстыю і капліцу ўнутры. Яна з гонарам расказвае, што гэта нават ужо не капліца. Усе яе называюць касцёлам, і яна мае тытул Спаслання Духа Святога. У святыні няма вялікага багацця, але адчуваецца моц малітвы і веры мясцовых вернікаў. Наша суразмоўца, як і яе маці, з’яўляецца парафіяльным лідарам: арганізоўвае малітвы, дбае пра парадак на могілках, збірае сродкі на рамонт касцёла ў Уле і ў Мікалаеве, а таксама клапоціцца пра мемарыял забітых вязняў з Беразвечча.

mikalaeva_baba_agata11 [6]

mikalaeva_baba_agata24

Мемарыял у памяць па расстраляных НКВДыстамі вязнях з Беразвечча.

***

Агата Літоўка памерла ў 1996 годзе, якраз у Вялікі Чацвер. На яе пахаванне, якое адбылося ў Вялікдзень, прыехала толькі 90 чалавек сваякоў, не лічачы ўсіх астатніх. Пані Фаіна, паказваючы нам помнік на магіле сваіх бацькоў, з перакананнем гаворыць: “Я ведаю, мая мама ў небе. Яна святая”.

mikalaeva_baba_agata17

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

*Вязні з турмы ў Беразвеччы (сёння – раён Глыбокага Віцебскай вобласці) былі расстраляныя каля в. Мікалаева 26 чэрвеня 1941г. салдатамі НКВД.