«Мы памятаем»: у Гродне ўшанавалі памяць ахвяр Халакоста

Гродна далучыўся да сусветнай акцыі «Мы памятаем», якая праводзіцца ва ўсім свеце 27 студзеня, ў Дзень памяці ахвяраў Халакосту. Адзначыць памятную дату разам з прадстаўнікамі яўрэйскай абшчыны прышлі прадстаўнікі духаненства і неабыякавыя гаражане. Сустрэча адбылася пры ўваходзе ў былое гета.

27 студзеня 1945 года Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенаў. У гэты лагер вывозілі і вялікую колькасць гродзенскіх яўрэяў.

«Мы сабраліся, каб ушанаваць памяць ахвяраў Халакосту, а таксама ўспомніць яўрэяў гродзенскай абшчыны. Тых, што загінулі і тых, што выжылі падчас тых страшных падзей. Мы хочам, каб у грамадстве была памяць», — распавёў прадстаўнік Асацыяцыі іўдзея-хрысціянскага дыялогу «Shomer — International» у Беларусі Яўген Калодзін.

Пра гісторыю памятнай дошкі на ўваходзе ў гета№ 1 распавядала краязнаўца Марына Шапялевіч.

Яна ўзгадала чатырох гродзенцаў, былых вязняў гета, што спрычыніліся да ўсталявання памятнай дошкі. Іх здымак на гэтым месцы зараз захоўваецца ў музеі сінагогі. Гэта Саламон Жукоўскі, Ліза Чапнiк, Фелікс Зандман і Рыгор Хасiд.

Яны выжылі ў вайне і пасля вайны зрабілі вялікі ўнёсак як у захаванне гісторыі, так і ў развіццё навукі. Фелікс Зандман, якога выратавала польская сям’я каля Гродна, стварыў адзін з элементаў сучаснага тэлефона. Саламон Жукоўскі, якога выратавала беларуская сям’я, стаў захавальнікам гісторыі гродзенскай яўрэйскай абшчыны. Менавіта ён быў ініцыятарам стварэння памятнай дошкі і прынёс у мясцовы гарвыканкам 6 тамоў расследаванняў фашысцкіх злачынстваў менавіта ў Гродне. Ліза Чапнiк па выратаванню з Гродзенскага гета сама дапамагла выратаваць вялікую колькасьць яўрэяў. А Рыгор Хосiд ўсё жыццё пражыў у Гродне, і працаваў настаўнікам.

Даведка
У час Другой сусветнай вайны з 29 тысяч гродзенскіх яўрэяў у жывых засталося каля 200 чалавек. Большая частка загінула ў канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў. Жыць пасля вайны ў Гродна вярнуліся толькі некалькі дзясяткаў яўрэяў. Варта адзначыць, што з Гродна ў лагеры смерці траплялі не толькі яўрэі, але і палякі з беларусамі.

 hrodna.life

для друку для друку