«Музычная Майстэрня» запрашае таленавітую каталіцкую моладзь

«Музычная Майстэрня» — майстар-класы літургічнай музыкі і спеваў праслаўлення, якія штогод адбываюцца ў Івянцы, зноў запрашае таленавітую каталіцкую моладзь з усёй Беларусі. Сёлета сустрэча адбудзецца 22 — 28 ліпеня.

Сёлетнія «майстры» — Ян Паспяшальскі, музыкант, журналіст, тэлевядучы, заснавальнік ды арганізатар «Музычнай Майстэрні»; Хуберт Кавальскі — папулярны кампазітар літургічнай музыкі, аўтар шматлікіх музычных праектаў: UrbSymphony, Misterium Przebaczenia,  супраца з New Life M, Raz, Dwa, Trzy, Bractwo Lutni, Хор Польскага Радыё ў Кракаве,  звязаны з Дамініканскім Літургічным асяродкам у Кракаве, дырыжор, кантрабасіст і спявак; айцец Радаслаў Томчак OFMConv — францішканін, святар, арганіст і грэгарыяніст (выпускнік Папскага Інстытуту Сакральнай музыкі ў Рыме); Зофія Баркоўская — шматгадовы дырыжор хору Цэнтру Яна Паўла Другога ў Варшаве, лаўрэат шматлікіх узнагарод, дыпламаваны філосаф, амаль ад пачатку звязаная з «Музычнай Майстэрняй».

«Майстэрня» пачнецца 22 ліпеня (рэгістрацыя — з 12:00), а скончыцца сустрэчай моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (28-31 ліпеня), на якой прадугледжаны выступ удзельнікаў «Майстэрні».

Асаблівасці: удзел у «Майстэрні» з’яўляецца бясплатным, пры жаданні ўдзельнікі могуць злажыць дабравольную ахвяру; пражыванне прадугледжана ў намётавым мястэчку пры кляштары францішканаў (варта мець з сабою карымат ды спальны мяшок і — па магчымасці — палатку); для ўдзельнікаў прадугледжана харчаванне на працягу дня і гарачая вада; лекцыі будуць перакладацца на беларускую мову; просьба ад арганізатараў узяць з сабою спеўнікі, нататнікі і музычныя інструменты.

Арганізатары адзначаюць, што «Майстэрня» прадугледжвае інтэнсіўную працу і лекцыі, таму просяць дэлегаваць выключна тых людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў касцёльным спеве. Усіх удзельнікаў «Музычнай Майстэрні» 2017 просяць зарэгістравацца: https://goo.gl/forms/PqHRXybnfwTg2rOt2

katolik-gomel.by

для друку для друку