Муж не ходзіць у касцёл. Што рабіць?

1“Мы з мужам католікі. Ён хрышчаны, але не практыкуе веру. Як прымусіць яго хадзіць у касцёл?” Крысціна

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Як прымусіць хадзіць у касцёл свайго мужа? Прымусіць… Адабраць свабоду выбару, зрабіць сабе падданым, выхаваць на свой манер – гэта, канешне, абсалютна не адпавядае хрысціянскаму бачанню сужэнства і адносін паміж мужам і жонкай. Выбіраць, хадзіць у касцёл ці не, – свабодная і добраахвотная справа кожнага дарослага чалавека.

Што датычыць веры Вашага мужа, то з пастаўленага пытання вынікае, што ён не хоча верыць слепа. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, апісваючы характарыстыкі веры, зазначае наступнае: “У веры розум і воля чалавека супрацоўнічаюць з Божай ласкай: верыць – гэта справа розуму, які прымае Божую праўду па загадзе волі, каторую пабуджае Бог праз ласку” (ККК, 155). З вышэйсказанага вынікае, між іншым, што “вера хоча зразумець” (ККК, 158): “Я веру, каб зразумець, і разумею, каб лепей верыць” (св. Аўгустын).

Пераносячыся ў нашы рэаліі, можна, не пабаяўшыся, сцвердзіць, што пасля доўгіх гадоў атэізму ўсё яшчэ існуе вялікі недахоп ведаў на тэму веры ў сучаснага беларускага католіка. Людзі любяць падсумоўваць свае веды пра Бога і Касцёл павярхоўнымі прадпісаннямі рэлігійнасці: трэба хадзіць, трэба пасціць, трэба Божаньку прасіць і г.д. Усё гэта правільна, але чалавек нават падсвядома не можа на гэтым спыніцца, ён шукае глыбіні. Вось чаму так неабходныя наш сістэматычны ўдзел у катэхезе ці самастойнае чытанне рэлігійнай літаратуры.

Акрамя гэтага, кожны з нас, ахрышчаных, патрабуе яшчэ і сведкаў веры. “Вучыць” верыць можна толькі сведчаннем свайго спаткання з Богам. Таму Вы, хто наведвае касцёл, але мае дома мужа, каторы не практыкуе, пакліканы часта задаваць сабе пытанне: якога Бога я паказваю свайму мужу як жонка? Ці што змянілася ў маім жыцці пасля прыняцця Езуса ў касцёле? Ці маю я асалоду ад спаткання з Найвышэйшым? Ці пазнаю Яго і пра Яго? І так далей.

Напрыканцы заахвочваю Вас да трывалай малітвы ў інтэнцыі навяртання Вашага мужа, бо, каб адказаць Богу на Яго заклік да любові, патрэбна Божая ласка, “якая папярэднічае і ўздзейнічае пры ўнутранай дапамозе Святога Духа, Каторы кранае сэрца і навяртае яго да Бога, расплюшчвае вочы розуму і ўдзяляе асалоду ўсім, хто прымае праўду і верыць у яе” (ККК, 153).

для друку для друку