МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”

Ведамства адказала на ліст пралайфераў і прадаставіла статыстыку правапарушэнняў на сямейна-бытавой глебе.

20 кастрычніка аргкамітэт па зборы подпісаў за перагляд канцэпцыі законапраекта “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту” Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі атрымаў адказ з МУС на калектыўна зварот. У лісце паведамляецца, што МУС лічыць мэтазгодным адмовіцца ад падрыхтоўкі самастойнага закона, а свае прапановы прапрацоўваць ў рамках карэкціроўкі заканадаўчых актах краіны, якія ўжо дзейнічаюць. Такое рашэнне звязана з “высокім грамадскім рэзанансам і меркаваннем рэлігійных арганізацый”, гаворыцца ў адказе за подпісам прадстаўніка МУС Алега Каразея.

Разам з тым у лісце сказана, што ў ворганы ўнутраных спраў Беларусі штогод паступаюць звесткі пра звыш 120 тыс. сямейна-бытавых канфліктаў. Пры гэтым да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца больш за 50 тыс., да крымінальнай — каля 2,5 тыс. вінаватых.

Штогод ад рук сваіх блізкіх гіне больш за 100 грамадзян — гэта траціна ўсіх загінулых ад забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. І ў больш за 80% выпадкаў першапрычынай злачынстваў і правапарушэнняў у сямейна-бытавых адносінах з’яўляецца злоўжыванне алкаголем.

— Ключавымі прыладамі ў прафілактыцы гвалту ў сям’і з’яўляюцца прафілактычная гутарка, афіцыйнае папярэджанне, ажыццяўленне прафілактычнага ўліку, ахоўнае прадпісанне. У гэтай сувязі ў мэтах выканання плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2018 год МУС сумесна з зацікаўленымі дзяржворганамі быў падрыхтаваны праект канцэпцыі закона “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, — гаворыцца ў адказе.

Па словах прадстаўніка МУС, канцэпцыя не нясе пагрозы традыцыйнаму інстытуту сям’і, не ставіць мэтай змену азначэння сям’і, шлюбу і сямейных адносін, не ўстанаўлівае забарону на выхаванне дзяцей, не змяшчае палажэнні “ювенальнай юстыцыі”.

— Асноўнымі мэтамі падрыхтоўкі канцэпцыі з’яўляліся не ўвядзенне новых метадаў і формаў выхавання дзяцей, а абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія падвяргаюцца хатняму гвалту, — піша Алег Каразей. — Паняцці “гендэр” і “гендэрная роўнасць” не ўводзяцца праектам канцэпцыі. Паняцце “хатні гвалт” дакладна вызначае, што гэта наўмысныя супрацьпраўныя дзеянні.

Таму, як тлумачыць прадстаўнік МУС, патрабаванне адной асобы да іншай — напрыклад, выканаць якую-небудзь працу па дому — не будзе кваліфікавацца як хатні гвалт — калі яно не парушае правы, свабоды і законныя інтарэсы, не прычыняе фізічныя і псіхічны пакуты.

Пры дарпацоўцы канцэпцыі былі выдаленыя некаторыя тэрміны, напрыклад, эканамічны гвалт.

Былі прадугледжаны меры, накіраваныя на недапушчэнне неабгрунтаванага ўмяшання ва унутрысямейныя адносіны, пашыраны палажэнні, якія ўстанаўліваюць сістэму абароны правоў і законных інтарэсаў крыўдзіцеляў.

Аднак у канцы ліста МУС адзначае, што пасля рэзанансу ў грамадстве і выказвання думак рэлігійных арганізацый ад падрыхтоўкі асобнага закона ў ведамстве вырашылі адмовіцца.

katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі