Мультфільмы і кампутарныя гульні — ці можна пазбегнуць залежнасці ў дзяцей?

У эфіры Радыё Марыя зусім нядаўна ішла гаворка пра разнастайныя гаджэты і тое, якое месца яны павінны займаць у жыцці дзяцей.

Тэма настолькі важная і актуальная, што мы вырашылі нагадаць некаторыя асноўныя моманты з размовы пра гэтую праблему.

Колькі часу дзіця павінна праводзіць каля экрана? Што можна глядзець, а што не? Якія ёсць “карысныя” і “шкодныя” гульні? І як увогуле быць з камп’ютарнымі гульнямі?

Давайце разбяромся.

Гаджэты — гэта частка нашага жыцця, іх можна зрабіць вельмі добраю прыладаю для адукацыі і гульняў як для дарослых, так і для дзяцей. Але каб сучасныя тэхналогіі не прыносілі разладу між людзьмі і не выклікалі залежнасцяў, трэба іх выкарыстоўваць з розумам. З чаго ж пачаць?

Важна памятаць, што дзеці хочуць быць актыўнымі, пазнаваць навакольны свет. Мульцікі — гэта адзін са спосабаў пазнавання наваколля. Калі вы абмяжоўваеце дзяцей у праглядзе мультфільмаў, то ім трэба прапанаваць якую-небудзь альтэрнатыву, бо да пэўнага ўзросту дзеці не ўмеюць прыдумваць самі сабе заняткі, іх трэба скіраваць і дапамагчы. Менавіта на бацьках ляжыць адказнасць за разнастайнасць развівальных забаваў і заняткаў. На жаль, на практыцы так атрымоўваецца, што бацькі забіраюць гульню, але альтэрнатывы не прапануюць.

Пры выбары развівальных гульняў ці заняткаў у гаджэтах, па-першае, неабходна памятаць, што для кожнага дзіцяці ўсё вельмі індывідуальна і залежыць ад узросту і тыпу характару. Таму змест кампутарных гульняў і мультфільмаў абавязкова павінен адпавядаць узроўню развіцця дзіцяці. Па-другое, трэба выконваць усе санітарныя нормы (гэтую інфармацыю вельмі лёгка знасці ў Інтэрнэце). Па-трэцяе, варта разам з дзецьмі абмяркоўваць тое, што яны глядзелі, і тое, у што яны гуляліся.

Псіхолаг раіць звярнуць увагу на такія мультфільмы, як “Лунтик”, “Смешарики” (першыя сезоны), “Йоналу” (ням.), савецкія мульцікі і інш. Пажадана, каб усе мультфільмы дарослыя загадзя праглядзелі самі. Не трэба паказваць дзецям мульцік “Маша и медведь” і тыя, дзе паказваюць жорсткасць і насілле.

Тэма камп’ютарных гульняў больш складаная. Тут варта памятаць, што калі ў дзіцяці ёсць парушэнні з ЦНС і калі ўжо ёсць залежнасць, не трэба ўвогуле гуляць у гульні на камп’ютары ці тэлефоне. Трэба звярнуць увагу на тып камп’ютарных гульняў, пазбягаць гульняў, у якіх патрэбна хуткая сударгавая рэакцыя, дзе трэба хутка і нервова “тыкаць” у экран, нешта лавіць і г.д.

Лепей знайсці гульні на ўважлівасць, а для дзяцей больш старэйшага ўзросту ідэальна падыдуць гульні-стратэгіі (напр. “Europa Universalis”, “Crusader Kings” (рус. “Крестоносцы”), “Heroes of Might and Magic” (“Героі”), “Anno” і інш.), квэсты (напр. “Machinarium” — займальная фізіка, механіка; “Kerbal Space Programm” — трэба збіраць касмічную ракету і адпраўляць на арбіту), гульні-загадкі.

Некаторыя бацькі баяцца сучасных тэхналогій з-за таго, што ў дзяцей і падлеткаў вельмі часта фарміруецца залежнасць ад гаджэтаў. І з часам для дзяцей гэта становіцца асноўным заняткам. Але калі прагляд мультфільмаў не з’яўляецца адзінаю актыўнасцю дзіцяці, калі гэтага не вельмі шмат, і калі гэта дапушчальныя перадачы, то яны ніякай моцнай шкоды дзіцяці не зробяць. Галоўнае — падыходзіць да ўсяго з розумам.

Больш падрабязна можна паслухаць у нядзелю 16 снежня ў 16.10

Радыё Марыя

для друку для друку