Моўная сітуацыя ў Касцёле

Апошнім часам у СМІ гучаць заявы дзяржаўных чыноўнікаў рознага рангу пра неабходнасць падтрымкі і развіцця беларускай мовы ў грамадстве. Гэтыя заявы выклікаюць розную рэакцыю ў людзей. “Каталіцкі Веснік” вырашыў пацікавіцца, што думаюць чытачы пра моўную сітуацыю ў Касцёле ў Беларусі?

zmicer kazakewichЗміцер Казакевіч:

– Так ужо адбылося ў маім жыцці, што я прыйшоў да Бога праз мову і беларускае слова. Касцёл, у сваю чаргу, дапамог мне ўбачыць у звычайным слове сакральную глыбіню. Таму для мяне яны непарыўныя – беларускае Слова і Касцёл.

Ці трэба што мяняць? Змяняць трэба заўсёды, бо змяняецца само жыццё і змяняецца мова. Трэба рабіць новыя пераклады Бібліі, падключаць навукоўцаў. Шукаць новыя сэнсы. Знаходзіць новыя формы працы з дзеткамі.

Што да новых моваў у Касцёле, дык мне здаецца, гэта было б добра, бо Касцёл, на маю думку, мае быць адкрыты для любой артыкуляцыі ды акцэнту. Але беларуская павінна быць у цэнтры. Мне быў бы цікавы досвед малітвы на англійскай, ці іспанскай, ці ўкраінскай мовах. А хай сабе нават і на кітайскай. Што датычыцца рускай мовы, дык хочаш не хочаш, а яна і так прысутнічае ў Касцёле. Ведаю людзей, якія, пры ўсёй любові да белмовы, спавядаюцца толькі па-руску. Няма праблемаў.

Дагэтуль ні на сваёй радзіме, на Браслаўшчыне, ні ў Віцебску, дзе цяпер жыву, не сустракаў людзей, якія б сыходзілі са Святой Імшы з той прычыны, што ім незразумела беларускае слова. Тым больш ніколі не чуў прапановаў увесці ў Касцёле рускамоўныя богаслужэнні. У той час, калі нават у некаторых праваслаўных прыходах святары спрабуюць маліцца па-беларуску, такая прапанова падалася б мне глупствам.

rusakowa wolgaВольга Русакова:

– Мне вельмі падабаецца, што ў Касцёле ў Беларусі людзі размаўляюць па-беларуску. Напэўна, гэта адзінае месца, дзе я магу пачуць і паразмаўляць на роднай мове. На жаль, большасць людзей нашай краіны ў штодзённасці выкарыстоўвае рускую мову.

Лічу вельмі зручным, што ў некаторых святынях таксама ёсць Імшы і на замежных мовах, напрыклад, на польскай або на англійскай. Гэта патрэбна католікам з іншых краін, якія прыязджаюць у Беларусь. Мне здаецца, што не трэба нічога змяняць, што датычыцца асноўнай мовы ў Касцёле падчас Імшы. У большасці дзякуючы Касцёлу людзі памятаюць і шануюць сваю родную мову.

taccjana dawydzikТаццяна Давыдзік:

– Лічу вельмі важным, што Касцёл робіць такі пераход на беларускую мову. Неабходна разумець, што адбываецца на Святой Імшы, што азначае кожнае слова, бо ўсе яны напоўненыя Духам Святым. Не трэба ўводзіць у карыстанне рускую мову: беларуская мова бліжэйшая да сэрца, яна больш мілагучная. У нашай краіне вучыцца шмат замежных студэнтаў, якія наведваюць касцёл. Для іх больш зразумелай і блізкай з’яўляецца англійская мова. Гэта новы крок у развіцці Касцёла, які будзе збліжаць народ ва ўсім свеце.

zmicer drakoЗміцер Драко:

– У касцёлах праводзіцца Імша на беларускай і польскай мовах. Польская мова зручная для старэйшага пакалення. Але яна хутка знікне. Цяпер жа для моладзі Імша па-беларуску для таго, каб яны разумелі, што адбываецца, больш пазнавалі Бога, а не проста аўтаматычна адгаворвалі малітвы. Можна паспрачацца: чаму не на рускай мове, мо будзе больш зразумела? Але, я лічу, гэта не так. Узяўшы Біблію на рускай мове, я бачу, што сустракаюцаа словы, якіх не ведаю. Для мяне ў Бібліі па-беларуску такія словы рэдкасць. Нават калі ўзяць малітву “Ойча наш”. Словы “иже еси на небесех” параўнаем з “каторы ёсць у небе”. Беларускі варыянт больш зразумелы.

jaugenija ratkewiczЯўгенія Раткевіч:

– Сітуацыя з мовай у Касцёле вельмі небяспечная, калі гаварыць пра некаторыя дыяцэзіі. Асабліва цяжка ўводзіць беларускую мову ў Гродзенскай дыяцэзіі. Шмат пытанняў паўстае, калі моладзь парафіі хоча праводзіць усё па-беларуску. Я лічу, што ўжо неабходна пераходзіць на прапорцыі 50:50. Гэта значыць, не толькі адна Імша ў нядзелю на роднай мове, а астатнія па-польску. Хаця б напалову. Але выдатна было б зрабіць толькі адну на польскай мове. Сітуацыя ў іншых дыяцэзіях лепшая. Але таксама праблема з тым, што яшчэ мала духоўнай літаратуры па-беларуску і Біблія таксама выглядае не дастаткова добра, тлумачэнні вельмі недакладныя. Але ўсё ж падаецца, што паволі справа змяняецца да лепшага.

 Гутарыла Ірына Грэйць 

 Вынікі анлайн-апытання “Каталіцкага Весніка” у Фэйсбуку, Укантакце, Аднакласніках і на сайце catholicnews.by.

Што вы думаеце пра моўную сітуацыю ў Касцёле ў Беларусі?

Мяне задавальняе тое, што ў маёй парафіі ўжываецца пераважна беларуская мова – 101 (58%)
Лічу, што неабходна пачаць уводзіць літургічныя набажэнствы на рускай мове – 4 (2%)
Лічу, што руская мова можа ўжывацца толькі як мова евангелізацыі, але ніяк не ў літургіі – 6 (4%)
Я наогул супраць рускай мовы ў Касцёле – 37 (21%)
У маёй парафіі пераважаюць набажэнствы на польскай мове і я падтрымліваю гэта – 14 (8%)
У маёй парафіі пераважаюць набажэнствы на польскай мове і я супраць гэтага – 7 (4%)
Іншы адказ (у каментарах) – 6 (3%)

 Прагаласавалі 175 чалавек.

для друку для друку