Motu proprio: правілы для заключэння кантрактаў і падрадаў Святым Пасадам і Ватыканам

Папа прыняў закон, які ўтрымлівае адзіныя правілы для заключэння кантрактаў і падрадаў Святым Пасадам і Ватыканам. Яго асновай сталі празрыстасць, цэнтралізаваны кантроль і канкурэнцыя.

Новае заканадаўства, якое з’яўляецца вынікам чатырохгадовага супрацоўніцтва паміж рознымі ватыканскімі структурамі, дазволіць больш эфектыўна кіраваць рэсурсамі і знізіць небяспеку карупцыі. Яно будзе служыць адзіным арыенцірам для ўсіх структур Святога Пасаду.

Тэкст пад назвай “Правілы празрыстасці, кантролю і канкурэнцыі дзяржаўных кантрактаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан” складаецца з 86 артыкулаў, да якіх дададзены яшчэ 12 артыкулаў, што тычацца судовых спраў.

Гэта дэтальна выпрацаванае заканадаўства, абнародаванае motu proprio Папы, уключае ў сябе лепшыя правілы і практыку, распрацаваныя міжнароднай супольнасцю супраць карупцыі.

“Працавітасць добрага бацькі сям’і, гэта агульны прынцып і вялікая пашана, на аснове чаго ўсе распарадчыкі абавязаны выконваць свае абавязкі”, — напісаў Францішак.

Новыя нормы “садзейнічаюць празрыстасці, кантролю і канкурэнцыі ў працэдурах заключэння дзяржаўных кантрактаў” у Ватыкане. Усім, хто прапануе тавары, паслугі і работы, будзе гарантавана “роўнае стаўленне і магчымасць удзелу праз спецыяльны рэестр”.

Сярод мэтаў новага закона – устойлівае выкарыстанне ўнутраных сродкаў, празрыстасць працэдуры ўзнагароджання, гарантаванне канкурэнцыі і супрацьдзеянне карупцыі. Ён дазволіць “планаваць і рацыяналізаваць расходы”, пазбягаючы непатрэбных аперацый, а таксама выкарыстоўваць “празрыстую, аб’ектыўную і бесстароннюю” працэдуру ўзнагароджання.

Закон таксама прадугледжвае меры супраць канфлікту інтарэсаў і незаконнай канкурэнцыі. За выключэннем некаторых выпадкаў, устаноўленых у якасці выключэння, усе тавары і паслугі цяпер будуць набывацца цэнтралізаваным чынам. Адказнымі структурамі ў гэтым выпадку будуць: Адміністрацыя Маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) і Губернатарат Дзяржавы Ватыкан.

Сакратарыят па эканамічных пытаннях зоймецца падрыхтоўкай спісу супрацоўнікаў і часовых прафесійных спецыялістаў, якія могуць выконваць функцыі эксперта і члена камісіі, якая будзе разглядаць абгрунтаванасць заключэння кантрактаў і падрадаў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку