«Моцныя духам»: рэпартаж з першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага

novogrudok16Рэпартаж з Навагрудка

У 2010 годзе распачаўся беатыфікацыйны працэс кс. Аляксандра Зянкевіча, які паходзіць з парафіі ў Дунілавічах, што ў Віцебскай дыяцэзіі. Кс. Аляксандр пасля сваёй вучобы ў Пінскай семінарыі быў скіраваны на працу ў Навагрудак, дзе выконваў абавязкі капелана сясцёр-назарэтанак. Пазней праявіў сябе як таленавіты выкладчык і выхавальнік моладзі ў Вроцлаўскай дыяцэзіі (Польшча). Каб больш даведацца пра служэнне нашага земляка і сясцёр-назарэтанак, “Каталіцкі Веснік” выправіўся ў першую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.

Навагрудак сустрэў нас холадам і вільготнасцю. Таямнічыя абрысы касцёлаў і вежаў замка паволі выступалі з палону туману, калі мы праязджалі па вулачках горада, накіроўваючыся ў кляштар сясцёр-назарэтанак.

На парозе нас сустрэла ветлівай усмешкай с. Лаўра Шукеловіч і адразу запрасіла на гарбату. Я не стрымаўся, каб не спытацца: “Сястра Лаўра, вашае служэнне звязана перш за ўсё з касцёлам і рэлігіяй, але ці адчуваеце вы нейкі ўплыў гісторыі тут, ці мае для вас значэнне, што вы працуеце менавіта ў Навагрудку, а не ў іншым месцы?” “Ведаеце, – сказала с. Лаўра, – я наогул лічу, што сталіца Беларусі павінна вярнуцца сюды, у Навагрудак. Паглядзіце, якая прыгажосць вакол! Стары горад, касцёлы, замкавая гара. Я сама вельмі люблю гісторыю, таму Навагрудак для мяне – больш чым проста месца працы”.

“Пані ў габітах”

– А калі прыехалі сёстры-назарэтанкі ў Навагрудак?

– Першыя дзве сястры прыехалі сюды па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага ў верасні ў 1929 годзе. (Навагрудак у той час уваходзіў у склад Пінскай дыяцэзіі. – В.М.). Цікава, што адразу яны былі прынятыя не вельмі прыхільна. Сёстрам даводзілася чуць кпіны ў свой адрас з боку насельніцтва, маўляў, прыехалі тут “пані ў габітах”*. Іх не хацеў прыняць нават мэр Навагрудка. І цікавы факт: прытулак сёстрам дала адна беларуская сям’я.

Сястра Лаўра праводзіць нас па кляштары і паказвае гасцінныя пакоі. “Раней тут сёстры арганізавалі школу. Навучалася 120 дзетак розных веравызнанняў. Вучылі як багатых, так і тых, хто зусім не меў грошай. Такая адукацыйная дзейнасць наўпрост звязана з нашым харызматам: працаваць дзеля сем’яў.

– Ведаю, што падчас ІІ Сусветнай вайны нацысты расстралялі 11 сясцёр. Як гэта адбылося?

– Так, сапраўды, гэта трагічная старонка ў гісторыі нашага ордэна. Трагічная, але і слаўная, таму што сёстры з’яўляюцца мучаніцамі і прызнаныя Касцёлам бласлаўлёнымі. У сакавіку 2015 года будзем святкаваць 15-цігоддзе з дня іх беатыфікацыі. Хадземце ў наш музей, там захаваліся рэчы сясцёр.

novogrudok12         novogrudok11

Пакуль мы ідзём у будынак музея, сястра Лаўра працягвае аповед: “Сёстры былі з розных рэгіёнаў тагачаснай Польшчы. Некаторыя з іх паходзілі з Заходняй Беларусі. Гэта с. Стэла (паходзіла з Клецкай парафіі) і с. Барамея (паходзіла з хутара Верцялішкі каля Гродна). У 1943 годзе немцы арыштавалі 120 чалавек, каторым пагражала смяротнае пакаранне. Сёстры маліліся, каб гэтыя людзі былі ўратаваныя, нават калі б ім самім давялося ахвяраваць жыццём. Яны таксама маліліся, каб кс. Аляксандр Зянкевіч, іх капелан, не загінуў, таму што яго паслуга была найбольш патрэбная людзям. І Бог прыняў іх ахвяру. Частка арыштантаў была выпушчана, а рэшта выслана на працу ў Германію. Сясцёр немцы расстралялі ў нядзелю 1 жніўня 1943 года ў лесе за 5 км ад Навагрудка. Засталася жывая толькі с. Малгажата, якая мела дзяжурства ў шпіталі ў гэтую ноч і пазбегнула расстрэлу”.

Сон пра чырвоную сукенку

novogrudok13Сястра Лаўра паказвае на сцяну, дзе вісяць партрэты сясцёр і гаворыць: “А вось гэта с. Канута. Яе пакліканне да манаства было асаблівым. Яна ўжо была заручана з адным хлопцам, але аднойчы прысніла сон. Голас казаў: “Не выходзь замуж за Станіслава. Твой нарачоны чакае цябе ў Гродне, там адбудзецца твой шлюб. На шлюб атрымаеш чырвоную сукенку”. Сястра паехала ў Чэнстахову разам са сваёй маці, дзе малілася, каб распазнаць Божую волю. Пасля малітвы азірнулася і ўбачыла манахінь. Гэта і былі сёстры-назарэтанкі. Такім чынам яна апынулася ў ордэне, а пачатковую фармацыю прайшла якраз у Гродне. Для многіх, і для яе ў тым ліку, было незразумелым, пры чым тут чырвоная сукенка. Аднак усё стала ясна, калі праводзілі эксгумацыю расстраляных сясцёр. Сястра Канута ў магіле не ляжала, а сядзела, нахіліўшыся над іншымі сёстрамі. Куля не забіла яе адразу. Сястру толькі цяжка паранілі. А ўвесь габіт быў чырвоны ад крыві…

Навагрудская Фара

Праз некалькі хвілін ідзём у Фарны касцёл. Менавіта ў ім захоўваюцца парэшткі мучаніц з Навагрудка. “Драўляную святыню тут збудаваў яшчэ вялікі князь Вітаўт у ХІV ст. Цікава, што яна была збудаваная на месцы паганскага капішча. Сённяшні Фарны касцёл – гэта ўжо будынак з ХVIII ст.”, – кажа наш экскурсавод с. Лаўра. Уваходзім унутр. “Паглядзіце на скляпенне, – працягвае руку ўверх сястра. – Да прыезду сясцёр-назарэтанак у Навагрудак скляпенне было моцна пашкоджана, і касцёл знаходзіўся ў жудасным стане, раслі бярозы на даху”.

– Чаму касцёл быў у такім выглядзе? – пытаюся.

– Гэта ўсё праз французскія войскі ў 1812 годзе. Яны не цырымоніліся з нашай спадчынай. У святыні зрабілі склад. Але, як бачыце, сёстрам-назарэтанкам удалося адбудаваць касцёл. Яны шмат пісалі лістоў да багатых людзей, збіралі сродкі і пакрысе рабілі рамонт.

У закрыстыі с. Лаўра кажа: “Тут у савецкія часы жыла дванаццатая сястра, якая засталася жывой. Сястра Малгажата Банась. Немцы ўпарта яе шукалі, але не знайшлі. Дапамог адзін лекар, які яе прыватную дакументацыю перанёс у архіў памерлых. Яна не выехала з Навагрудка і аж да смерці апекавалася магілай сясцёр-мучаніц. Працавала пры касцёле як прыбіральшчыца, пякла аплаткі, праводзіла патаемна катэхізацыю”. Дарэчы, камуніканты для Св. Імшы і аплаткі выпякаюць сёстры і сёння.

Напрыканцы нашай экскурсіі мы наведалі спецыяльнае памяшканне – аплаткарню, дзе падрабязна пазнаёміліся з цікавым і працаёмкім працэсам. Рэпартаж пра гэта з’явіцца ў снежаньскім нумары Весніка.

Кс. Аляксандр Зянкевіч пазбегнуў пакарання ад рук нацыстаў і прысвяціў сваё жыццё Касцёлу ў Вроцлаўскай дыяцэзіі. Яго сучаснікі кажуць, што ён быў выхавальнікам тысяч маладых хлопцаў і дзяўчат. Дар жыцця, які кс. Аляксандр атрымаў праз ахвяру сясцёр-назарэтанак, ахвяраваў іншым, прысвяціўшы сябе дарэшты людзям.

А Навагрудак сёння стаў мэтай пілігрымак. Хтосьці хоча акунуцца ў глыбіню вякоў, шпацыруючы па замкавай гары, хтосьці шукае Міцкевічавага натхнення ў навакольных пейзажах, а камусьці хочацца стаць больш моцным духам. Як сёстры-мучаніцы, як кс. Аляксандр Зянкевіч, як сястра Малгажата Банась.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

*габіт – манаскае адзенне

для друку для друку