- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Моладзевая супольнасць «Соль» пры мінскай парафіі рэдэмптарыстаў сабралася на першую сустрэчу

sol1 [1]Моладзевая супольнасць «Соль» грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску ўваходзіць у свет рэальнасці, паведамляе cssr.by [2]. Доўгі час супольнасць існавала толькі ў выглядзе старонак у сацыяльных сетках. 28 лютага 2015 г. асобы, якія выказалі жаданне належаць да аб’яднання, жывога ў рэальным жыцці, сабраліся на сустрэчу ўпершыню як супольнасць.

Пасля малітвы Вячэрні а. Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст, пазнаёміў тых, хто сабраўся, з прыкладамі дзейнасці іншых супольнасцей, якія ўжо існуюць на парафіях рэдэмптарыстаў. Супольная малітва і адпачынак, якія збліжаюць людзей, а таксама сумесная праца і рэалізацыя творчых ідэй ёсць добрымі падставамі для таго, каб яднацца разам.

Моладзевыя супольнасці на парафіях з’яўляюцца нефармальнымі аб’яданнямі, г. зн. што ўдзельнікі не бяруць на сябе фармальных абавязкаў перад кімсьці. Тое, што аб’ядноўвае моладзь, гэта жаданне быць у Царкве разам. Сэнс хрысціянскага жыцця — тварыць еднасць. Моладзевыя супольнасці дзейнічаюць на парафіях, але не з’яўляюцца парафіяльнымі у вузкім сэнсе, г. зн. да іх могуць належаць людзі з розных парафій, як таксама адзін чалавек можа належаць да некалькіх супольнасцяў (калі ў яго ёсць жаданне і хапае часу).

Чым займаецца канкрэтная супольнасць, залежыць ад фантазіі і жаданняў яе ўдзельнікаў. Звычайным спосабам існавання з’яўляюцца штотыднёвыя сустрэчы, на якіх адбываецца сумесная малітва, разгляд пэўнай тэмы, святкаванне, прагляд фільму, планаванне розных мерапрыемства і г. д.

Таму, шаноўная беларуская моладзь, калі ў вас ёсць жаданне належаць да супольнасці веруючых адзінадумцаў, якія стануць вам братамі і сёстрамі ў самым глыбокім разуменні гэтых слоў, запрашаем далучацца да нашага гурту, які атрымаў назву «Соль»: «Вы — соль зямлі» (Мц. 5, 13). Запрашаем згуртавацца, каб быць у Царкве не індывідуальным вернікам, а стаць прыналежным да чагосьці большага, быць у Царкве не «Я», а стаць «Мы».

[3]

Нашы сустрэчы адбываюцца па суботах пасля сумеснай Вячэрняй а 18:30 на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі (г. Мінск зав. Снежны, 7).