Моладзь з Валкалацкай парафіі годна выступіла на Парафіядзе ў Гродне

З 18 па 21 чэрвеня праходзіла Х юбілейная Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.

Удзел у ёй прынялі каля 500 чалавек з 30 парафій. Дзеці і моладзь парафіі Святога Яна Хрысціцеля з Валкалат (Віцебская дыяцэзія) першы раз прымалі ў ёй ўдзел.

Праграма Парафіяды была вельмі насычанай і цікавай. Яна праходзіла ў форме трыяды: “Стадыён – Тэатр – Святыня”. Дэвіз парафіяды гучаў: “Жыць Евангеллем”. Кожны дзень мы прымалі удзел у святой Імшы, штодзённых малітвах, знаёміліся з жыццём розных святых.

У гэтыя дні мы змагаліся за права звацца лепшымі ў спартыўных спаборніцтвах па футболу, валейболу, настольным тэнісу, кіданні мяча, бегу, плаванні, скачках у даўжыню з разбегу, а таксама шашках, біблійным конкурсе, конкурсе малюнкаў і конкурсе рэлігійнай песні.

Удзельнічаючы ў спартыўных спаборніцтвах, наша каманда заняла тры трэціх месцы па бегу на дыстанцыю 800 метраў, кіданні мяча і плаванні. Асаблівай узнагародай, залатым медалём, нас адзначыў дырэктар парафіяды за актыўны ўдзел і прыклад сціпласці і сяброўства ў Парафіядзе. Інсцэнізацыя пра аб’яўленне Маці Божай Фацімскай, а таксама  рэлігійныя песні, што спявала наша моладзь, спадабаліся журы. Мы атрымалі вельмі шмат пачуццяў і уражанняў.

Хочацца падзякаваць арганізатарам Парафіяды, надалей пажадаць ім творчых поспехаў у гэтай нялёгкай справе. Асаблівая падзяка яе дырэктару ксяндзу Артуру Малафею, які нас запрасіў у Гродна. Таксама мы ўдзячныя ксяндзу Алегу Півавару, нашаму пробашчу і апекуну, дзякуючы якому мы трапілі на Парафіяду і годна там прадставілі нашу Валкалацкую парафію.

Апошнім пунктам нашага выезду на Парафіяду стала наведванне Катэдральнага касцёла ў Гродне, дзе мы атрымалі вельмі шмат уражанняў ад яго прыгажосці і таямнічасці.

Дзеці і моладзь Парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце

для друку для друку