Моладзь з Польшчы перадала сімвалы СДМ моладзі з Панамы

Святая Імша, якую Папа Францішак узначаліў на плошчы Святога Пятра ў Пальмовую нядзелю, 9 красавіка 2017, завяршылася малітвай «Анёл Панскі», перад якой група польскай моладзі перадала аднагодкам з Панамы сімвалы Сусветных дзён моладзі: драўляны крыж і копію абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, Выратавання рымскага народа, паведамляе ўкраінская рэдакцыя Ватыканскага Радыё.

Узгадваючы гэту падзею яшчэ падчас гаміліі, Святы Айцец назваў яе «заўсёды кранальным момантам з адкрытымі гарызонтамі». А прамаўляючы ў канцы святой Імшы і вітаючы ўдзельнікаў набажэнства, ён асобна павіншаваў удзельнікаў міжнароднага кангрэса, прысвечанага моладзі, які праходзіў на мінулым тыдні ў Рыме па ініцыятыве Дэкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і абароны жыцця ў супрацоўніцтве з Генеральным Сакратарыятам Сінода Біскупаў.

«Гэтае прывітання распаўсюджваюцца на ўсіх маладых людзей, якія сёння разам са сваімі біскупамі адзначаюць Дзень моладзі ў кожнай дыяцэзіі свету. Гэта яшчэ адзін этап вялікага паломніцтва, заснаванага святым Янам Паўлам II, якое ў мінулым годзе сабрала нас у Кракаве і склікае нас у Панаму на студзень 2019 г. », — сказаў Папа, і ў кантэксце абмену сімваламі СДМ згаданымі групамі моладзі, якія прыехалі са сваімі пастырамі і прадстаўнікамі ўлады, дадаў:

«Просім Бога, каб крыж, разам з абразом Марыі, Выратаванне рымскага народа, дапамагалі ўзрастаць веры і надзеі і сведчылі аб непераможнай любові Хрыста».

Папа таксама склаў спачуванні ахвярам войнаў і тэрарызму.

пераклад catholicnews.by

для друку для друку