Моладзь з парафіі св. Барбары прымае ўдзел у “Славянскім базары”

Untitled-2-1Моладзь з душпастырства студэнтаў «Разам» пры парафіі св. Барбары ў Віцебску прымае ўдзел у фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» 14-15 ліпеня ў рамках правядзення фестывалю «Славянскі базар».

«Разам» — гэта каталіцкая група маладых людзей. У асноўным гэта студэнты. У калектыў уваходзяць усе жадаючыя, якія хочуць дарыць іншым людзям радасць, дабрыню і спакой. Душпастырства налічвае 40 студэнтаў, якія пастаянна ўдзельнічаюць у агульных сустрэчах, якія адбываюцца кожны чацвер на розныя тэмы, вечарынах, евангелізацыйных курсах, музычным «Talitha kum» і тэатральным гуртах.

Як адзначыў для “Каталіцкага Весніка” душпастыр віцебскіх студэнтаў а. Тамаш Міка ОР, ідэя заснавання душпастырства нарадзілася каля 1,5 гады таму. Потым ажыццявілася дзякуючы супольнасці Яна Хрысціцеля з Польшчы і іх тэатральнай майстэрні, у якой моладзь з Беларусі змагла прыняць удзел. Затым адбылося знаёмства з Уладай Цвікі, якая бясплатна дапамагала на працягу трох месяцаў рыхтаваць тэатральную пастанову. Дзякуючы ёй была магчымасць прадставіць 30 мая 2015 года пантаміму на 28 хвілін «Забудзь» у Малой зале КЗ «Віцебск», дзе ўсе глядацкія месцы былі запоўненыя.

razam

Айцец Тамаш Міка ОР (верхні рад, 4-ы злева) разам з маладымі людзьмі з душпастырства студэнтаў «Разам» пры парафіі св. Барбары

На пытанне “Як узнікла ідэя прыняць удзел у фестывалі?”, святар адказаў, што запрасіла менавіта Улада Цвікі, бо яна з’яўляецца адным з арганізатараў гэтага фэсту. “Улада займалася з нашай моладдзю падчас падрыхтоўкі пантамімы ў мінулым годзе, прысутнічала на рэпетыцыі перад канцэртам, які адбыўся 20 мая бягучага году ў КЗ «Віцебск» з нагоды 800-годдзя ордэна дамініканаў”, — падкрэсліў святар.

“Звычайна мы ладзім пастаноўкі, канцэрты, флэшмобы для студэнтаў, з мэтай евангелізаваць моладзь і старэйшых за межамі сцен святыні. Маладыя людзі, якія сярод нас, яны не толькі хочуць прымаць, але аддаваць і дзяліцца з іншымі. «На сямі вятрах» — гэта першы фестываль, у якім калектыў «Разам» возьме ўдзел. Моладзь мае магчымасць зрабіць штосьці для Езуса за межамі касцёла, расказаць пра Яго ў больш лёгкі для сябе спосаб. Менавіта такая справа апостальства ўсю моладзь з душпастырства “Разам” разам і аб’ядноўвае. Выхад у свет да людзей – гэта “зерне, якое сейбіт кідае”, а потым ужо справа Госпада як узрасціць яго.

vicebsk_daminikane5

Канцэрт прысвечаны да 800-годдзя заснавання дамініканскага ордэну

Удзел у такім свецкім фэсце – гэта не проста ідэя менавіта моладзі з касцёла св. Барбары ў Віцебску, гэта “евангелізацыя” — пасланне ад усяго Каталіцкага Касцёла. Другі Ватыканскі Сабор заклікае вернікаў уключыцца ў евангелізацыю”, — дадаў апякун душпастырства.

Айцец Тамаш Міка ОР разам з моладдзю будзе прымаць удзел у фэсце вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», а менавіта ў вулічным перформансе, на які ўсіх запрашае.

14-15 ліпеня, 18.00-19.00 — музычны гурт «Talitha kum» будзе выконваць песні праслаўлення (пляцоўка каля лесвіцы Цэнтра сучаснага мастацтва па вул. Талстога, 7);

14-15 ліпеня, 15.00-17.00 – вулічны перформанс «Вольнае дзяцінства» (пляцоўка перад Пушкінскім мастом з правага боку).

Марына Сінкевіч, тэкст
Фота з архіва душпастырства «Разам»

для друку для друку