Моладзь з Наваполацкай парафіі здзейсніла “падарожжа ў гісторыю” роднай Беларусі

Гэта адбылося ў нядзелю 7 красавіка, калі невялікая група моладзі з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса разам з сястрой Змёртвыхпаўстанкай выправілася ў вандроўку.

Выехаўшы ў нядзельную раніцу, нашы сэрцы спяшаліся на Святую Імшу ў Нарачы – гэта быў першы пункт нашай вандроўкі. Падмацаваныя Божым Словам і Эўхарыстыяй мы вырушылі далей. А чакалі нас Гервяты – невялікая вёска ў Астравецкім раёне. Менавіта там знаходзіцца адзін з найвышэйшых касцёлаў нашай Бацькаўшчыны, касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Убачыўшы гэтую святыню, адчулі, што нібы апынуліся каля святыні Нотр-Дам дэ Пары.

Далей вырушылі ў Гальшаны і Крэва, дзе  нас уразілі сваёй прыгажосцю руіны замка Сапегаў і крэўскага замка, які быў сведкам вялікіх гістарычных падзей Вялікага княства Літоўскага.

Адным з апошніх было знаёмства з асобай Міхала Клеафаса Агінскага ў  ягоным фальварку ў Залессі (Смаргоншчына).  Магчыма, тут, на беларускай зямлі, быў напісаны славуты твор – паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Вяртаючыся ў Наваполацк, затрымаліся на Мядзельскай кальварыі, каб падзякаваць Пану Богу за ласкі, якія атрымалі, а таксама за багатую гісторыю роднай зямлі.

Мы заўсёды з вялікім захапленнем наведваем розныя краіны, але часам так мала ведаем пра месца, дзе нарадзіліся і жывём, дзе адбываліся падзеі, якія вырашалі лёс не толькі Беларусі, але і іншых краінаў.

с. Марыя Пія СR, тэкст і фота

для друку для друку