Моладзь з Мінска здзейсніла пілігрымку ў Гудагай

26 сакавіка 19 маладых людзей з “Эўхарыстычнага руху маладых”, што дзейнічае пры мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, здзейсніла пілігрымку ў мястэчка Гудагай (Гродзенская вобласць).

Разам з моладдзю ў паломніцтве прымала ўдзел сястра Часлава Навіцкая USJK і аніматары руху Дарыюш і Святлана Астасевічы.

Маладыя вандроўнікі прыехалі цягніком да станцыі Каменка, што ў пяці кіламетрах ад Гудагаю, а пасля здзейснілі пешую пілігрымку ў санктуарый.

У гудагайскай святыні, перад цудоўным абразом, хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць асабіста прадставіць Богу праз заступніцтва Маці Божай свае просьбы і падзякі.

У парафіі ў гэты час адбываліся велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Аляксей Раманчук з Барысава. Святар на пачатку святой Імшы прывітаў маладых пілігрымаў, пасля чаго адбылася супольная малітва.

Значным пунктам падарожжа стаў Крыжовы шлях на Гудагайскую Кальварыю. Ён праходзіў праз навакольныя палі, пагоркі і лес. Ідучы разам, маладыя людзі разважалі над мукай Хрыста, а таксма асабліва маліліся за нашу краіну Беларусь.

Пасля малітвы быў вольны час, які разам весела правялі ўдзельнікі руху.

Даведка:

«Эўхарыстычны рух маладых» — гэта касцёльны рух, што аб’ядноўвае дзяцей і моладзь, якія разам перажываюць Евангелле і разам з Езусам хочуць будаваць новы свет. У наш час «Эўхарыстычны рух маладых» з’яўляецца міжнародным. У яго ўваходзяць каля трох мільёнаў маладых людзей ва ўсім свеце.

Кожны, хто ўваходзіць у «Эўхарыстычны рух маладых», з’яўляецца рыцарам Езуса Хрыста, а значыць, мае свае абавязкі, якія для яго — прычына гонару. Ён павінен не толькі шчыра маліцца, часта ўдзельнічаць у святой Імшы, прымаючы Камунію, і адараваць Езуса ў Эўхарыстыі, але таксама несці радасць, супакой і згоду ў сваё акружэнне і да таго ж не піць алкагольных напояў, не паліць і не спрабаваць наркотыкаў.

Дэвіз «Эўхарыстычнага руху маладых» — “Валадар над намі, Хрыстос, заўсёды і ўсюды!”

Ірына Радзевіч, тэкст і фота

Дарыюш Астасевіч, фота

для друку для друку