Моладзь з Бярозы і Баранавічаў сустрэлася ля Лагішынскай Маці Божай

MINOLTA DIGITAL CAMERAУ Лагішыне ля брамы касцёла Пятра і Паўла – Санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся – 21 жніўня сустрэліся дзве вялікія пілігрымкі. Каталіцкая моладзь з Баранавічаў і Бярозы, якая цягам пяці дзён ішла пехам, каб узяць удзел у святкаваннях у гонар каранаванага ў 1997 годзе абраза, прыйшла ў мястэчка бліжэй да шостай вечара, паведамляе krynica.info.

Звяртаючыся з прывітальным словам да моладзі, кусташ санктуарыя кс. Тадэвуш Шэшка, правінцыяльны дырэктар айцоў-арыяністаў, якія апякуюцца парафіяй, спачатку пажартаваў адносна якаснага складу пілігрымак: да адной з іх далучыліcя законныя сёстры, да другой – не, а пасля заклікаў паглядзець па баках, каб заўважыць: у гэтыя хвіліны ў святыні прадстаўлены ўвесь Касцёл – пілігрымковая моладзь і мясцовыя старыя з унукамі-немаўлятамі, біскуп і святары, законніцы і клерыкі. Таксама кс. Тадэвуш нагадаў пра сакральны сэнс прыйсця ў Лагішын – прыкласці сваё вуха да абраза Маці Божай, каб пачуць словы, падрыхтаваныя ёй для кожнага.

Таксама да пілігрымаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка, які заклікаў маліцца не толькі ў сваіх інтэнцыях, але і аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага – першага біскупа Пінскага, а таксама ў інтэнцыя падзякі за стварэнне 90 гадоў таму Пінскай дыяцэзіі ў яе цяперашнім тэрытарыяльным выглядзе.

Пасля прывітальнага слова мясцовыя жыхары запрасілі моладзь у свае хаты на вячэру і начлег – святкаванні ў Лагішыне не маюць фармату намётавага мястэчка, няма таксама канферэнцыяў і дыскусіяў, – моладзь адпачывае ў дамах тутэйшых каталікоў, рыхтуючыся да ночнай Святой Імшы, а таксама да працэсіі са свечкамі і пазней – канцэрту парафіяльных гуртоў. У гэты час адбывалася Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта, у якой узялі ўдзел жыхары Лагішына, а таксама Пінска, якія пачалі з’язджацца бліжэй да вячэрняй Святой Імшы, якая распачалася ў 22 гадзіны.

Звяртаючыся да вернікаў падчас гаміліі, біскуп Пінскі нагадаў, што Панна Марыя «заўсёды паказвае на Сына і вучыць, каб мы рабілі тое, што Ён нам скажа, – праз нашае сумленне, нашых бацькоў, хрысціянскіх настаўнікаў і выкладчыкаў, праз Божае слова, прачытанае дома і пачутае ў касцёле, праз сэрцы патрабуючых людзей, якія імкнуцца да праўды, любові і супакою».

Ранкам да святкаванняў далучыўся яшчэ адзін высокі госць – дапаможны біскуп Гродзенскі Юзаф Станеўскі, які звярнуўся да моладзі з гаміліяй падчас Імшы, узначаленай біскупам Дзям’янкам.

для друку для друку