Моладзь у Полацку разважала над Божай Міласэрнасцю

polack_moladz1417 кастрычніка моладзь Віцебскай дыяцэзіі сабралася на начное чуванне ў Полацку. Прыбылі маладыя людзі з Браслава, Глыбокага, Мёраў, Віцебска, Варапаева, Слабодкі, Друі, Верхнядзвінска і з іншых месцаў нашай Бацькаўшчыны.

Сабраў іх перад усім Бог і жаданне разам маліцца, чуваць, разважаць над рознымі жыццёвымі пытаннямі. Якія разнастайныя сабраліся людзі можна было заўважыць ужо спачатку на прадстаўленні парафій. Хтосьці спевам, хтосьці аповедам, хтосьці слайдамі прадстаўлялі сябе і сваю парафію.

Ксёндз Аляксандр Грыцкевіч прамовіў да моладзі канферэнцыю пра Божую Міласэрнасць, падчас якой, кожны мог заўважыць у абразе Міласэрнага Езуса штосьці асаблівае для сваёй душы.

Падчас пакутнага набажэнства, якое падрыхтаваў ксёндз Юрый Жаўняровіч і моладзь Мёрскай парафіі, можна было зрабіць рахунак сумлення і ў цішы пакаяцца ў сваіх грахах. Сімвалам пакаяння і вяртання да Бога былі маленькія свечкі, якія запальвалі ад вялікай тыя, хто прыступіў да сакраманта пакаяння і проста шчыра прасіў прабачэння ў Бога за свае грахі.

Падчас Адарацыі Найсвяцэйшага Сакраманта моладзь малілася не толькі разважаннямі, спевамі на розных мовах, але яшчэ і танцам. Кожны заносіў свае просьбы, падзякі, малітвы, пытанні да Езуса прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце.

Святую Імшу ўзначаліў Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Падчас казання ён нагадаў моладзі пра тое, як трэба змагацца са спакусамі сённяшняга свету і што значыць быць сапраўды вольным чалавекам.

Мелі месці таксама тэатральныя пастаноўкі, якія падрыхтавала моладзь з Мёраў і Браслава. Усемагутнасць і Міласэрнасць Бога ў праблемах сучаснага чалавека была галоўнай думкай у іх. Разважаючы над прыпавесцю пра блуднага сына, моладзь прадставіла асабістыя праблемы, перажыванні, пытанні. Некаторыя маглі знайсці свае ўласныя праблемы і даверыць іх Міласэрнаму Айцу.

Падчас гадзіны Міласэрнасці разважалі над словамі, якія Езус казаў святой с. Фаўстыне пра Божую Міласэрнасць і маліліся Вяночкам.

Скончылася чуванне супольным ружанцам. Час быў насычаны малітвай, разважаннямі і супольным прабываннем у добрым настроі. Няхай Добры Бог адорыць дарамі Духа Святога кожнага ўдзельніка чування, а гэты час прынясе плён у жыцці кожнага маладога чалавека, які прымаў удзел у малітоўным спатканні.

Сястра Таццяна Гмыза

для друку для друку