- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі заняла прызавыя месцы на Міжнародным турніры па футболе ў Варшаве

XXVI Міжнародны турнір па футболе сярод моладзі ва ўзроставых групах з 2000 па 2007 год нараджэння прайшоў у Варшаве. Сёлета ў турніры, арганізаваным польскім Каталіцкім спартыўным таварыствам, прынялі ўдзел каманды з Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.

Беларусь прадстаўлялі дзве каманды з Гродзенскай дыяцэзіі — «Гродна 2001» і «Гродна 2002». У іх склад увайшлі гульцы з гродзенскіх парафій (Гродна-Аўгустоўкі, Гродна-Вішнявец, Гродна-Дзевятоўка, Гродна-катэдра) і парафіі ў Каробчыцах. Апекуном беларускай групы выступіў кс. Артур Малафей, душпастыр спартсменаў Гродзенскай дыяцэзіі. Трэнерам каманды — Аляксандр Гусар (футбольны клуб «Слонім»).

[1]

Кожны дзень моладзь пачынала з Імшы, пасля чаго збіралася на футбольнай пляцоўцы.

У сваіх узроставых катэгорыях з дзевяці каманд «Гродна 2001″ заняла 2 месца, а каманда «Гродна 2002», таксама з дзевяці каманд, — 1 месца, атрымаўшы перамогу ва ўсіх васьмі матчах.

Лепшым гульцом турніру прызнаны Уладзіслаў Чэчко з каманды «Гродна 2001». Лепшы галкіпер — Вадзім Сляпец з каманды «Гродна 2002». Лепшым апекуном турніру прызналі кс. Артура Малафея.

Самым каштоўным гульцом у камандзе «Гродна 2001» быў прызнаны Міраслаў Эльяшэвіч, у камандзе «Гродна 2002» — Уладзіслаў Лышчык.

Галоўная мэта турніру — гэта выхаванне дзяцей і моладзі праз заняткі спортам, інтэграцыя з парафіянамі, уменне правільна сябе паводзіць на пляцоўцы, культура паводзін падчас гульні і на трыбунах, уменне планаваць вольны час у паўсядзённым жыцці.

grodnensis.by [2]