Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі памалілася ружанцам праз SKYPE

Пад дэвізам «Марыя Беззаганная — прыкладам чысціні» ў пабрыгіцкім касцёле ў Гродне прайшло ружанцовае набажэнства, падчас якога моладзь з’ядналася ў супольнай малітве з дапамогай інтэрнэт сувязі Skype з вернікамі з іншых парафій Беларусі.

Малітва, якой папярэднічала св. Імша, прайшла 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падчас службы душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза заклікаў прысутных імкнуцца да жыцця ў святасці, адзначаючы, што «Марыя з’яўляецца самай моцнай зброяй ў барацьбе са спакусай.

Калі мы саграшылі, бруд застаецца на нашых вачах, памяці і сэрцы. Але заўсёды ёсць час для раскаяння, і трэба карыстацца гэтым, просячы аб Божай ласцы праз заступніцтва Беззаганнай Маці», — дадаў святар.

Пасля заканчэння св. Імшы моладзь распачала малітву ў анлайн фармаце разам з вернкіамі з гарадскога пасёлка Свір, Ліды, Навагрудка і Брэста.

На завяршэнне ўдзельнікі «Руху чыстых сэрцаў», якія прысутнічалі на набажэнстве, аднавілі свае абяцанні жыць у чысціні. Далі слова перад алтаром Езуса праводзіць цнатлівае жыццё яшчэ 8 чалавек.

grodnensis.by

для друку для друку