Міжнародны фестываль арганнай музыкі памяці кардынала Свёнтка пройдзе ў Пінску

Ілюстрацыйнае фота

25 мая ў пінскай катэдральнай базыліцы адбудзецца адкрыццё І Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі памяці кардынала Казіміра Свёнтка Mater Misericordiae. Пачатак у 15.30, паведамляе Catholic.by.

Фестываль Mater Misericordiae — гэта ўнікальны музычны форум у Беларусі, які будзе працягвацца з 25 мая па 21 ліпеня. Упершыню знакамітыя майстры музыкі з розных краін Еўропы будуць выконваць творы на адным з найстарэйшых арганаў Беларусі ў старадаўняй пінскай катэдры, якая па праву лічыцца пярлінай архітэктуры і мастацтва.

На працягу амаль года адбываліся адмысловыя рэнавацыйныя працы, каб урэшце 25 мая старадаўні ўнікальны інструмент з новай моцай загучаў сотнямі чыстых галасоў.

Фестываль Mater Misericordiae — сумесны культурны праект Пінскай дыяцэзіі і Пінскага гарвыканкама. Ён з’яўляецца паспяховым прыкладам узаемадзеяння ў галіне культуры Каталіцкага Касцёла, дзяржаўных арганізацый, устаноў адукацыі і прыватных мецэнатаў. Фестываль з’яўляецца шырокафарматнай пляцоўкай для музыкантаў розных краін і рознага ўзросту, а таксама прафесійнага ўзроўню. Адметнасць фестывалю — яго бясплатнасць, адкрытасць і даступнасць для кожнага наведвальніка.

У межах фестывалю з 25 мая па 21 ліпеня будзе магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй паўставання арганаў, а таксама наведаць музейную выставу, прысвечаную сакральнаму мастацтву і кардыналу Казіміру Свёнтку.

Выстава знаходзіцца ў сценах былога кляштара францішканаў, дзе захаваліся ўнікальныя насценныя фрэскі XVII ст.

Падрабязную інфармацыю пра фестываль можна атрымаць па наступных кантактах:

тэл.: +375 16 532 31 57 (Курыя Пінскай дыяцэзіі)
e-mail: pinskdioces@gmail.com

для друку для друку