Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Тэматыка Божага Нараджэння ў сусветнай мастацкай культуры” адбылася ў Віцебску

konferencyja u Vicebsky04У межах фестывалю  “Дні Хрысціянскай культуры” 19 снежня ў Віцебскім Дзяржаўным універсітэце ім. П.М.Машэрава праходзіла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Тэматыка Божага Нараджэння ў сусветнай мастацкай культуры”.

У канферэнцыі бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Польшчы, Украіны. Мадэратар канферэнцыі кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Віцебскага Дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М.Машэрава Міхась Цыбульскі прывітаў гасцей і ўдзельнікаў.

З прывітальнай прамовай да ўдзельнікаў звярнуўся загадчык аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ва ўступным слове да сабраных падкрэсліў: “… хрысціяне на Беларусі могуць ганарыцца вялікім багаццем твораў рэлігійнай культуры, якія з’яўляюцца выразным і бясспрэчным унёскам у сусветную культуру (…) Радуе той факт, што навуковае асяроддзе Віцебска ўдзельнічае ў эстафеце навуковага падыходу да тэмы з галіны веры…”

“Гістарычны, літаратурны і тэалагічны аспекты ў евангелічным апавяданні пра нараджэнне Езуса Хрыста”-гэта тэма навуковай працы доктара біблійнай тэалогіі кс. Адама Дынака.

Аўтар аналізуе тэксты Евангелля паводле Мацвея і Лукі. Магістрант Валянціна Аўсяннікава распавяла пра сэнс сучаснай фатаграфіі ў Свяце Божага Нараджэння. Таксама прагучаў аналіз святочнага апавядання О.Генры “Дары Валхвоў”, зроблены навукоўцамі Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта.

Магістрант Украінскага Каталіцкага ўніверсітэта Яўгенія Аляксеенка засяродзіла ўвагу на ролю ордэна езуітаў у культурным і асветніцкім жыцці Віцебска XVII-XIX ст.

У працы канферэнцыі ўзяў удзел пісьменнік Франц Сіўко.

Па выніках канферэнцыі выдадзены зборнік тэзісаў.

Барбара Сіпайла, тэкст і фота

для друку для друку