Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла

Дзякуем Богу

Калі ў сталіцы Беларусі – Мінску – была глыбокая ноч, з геаграфічна далёкай, якая знаходзіцца на другім паўшар’і, але ў апошнія дні стала блізкай сталіцы Кубы – Гаваны – інфармацыйныя агенцтвы ўсяго свету паведамлялі аб узыходзе заранку новай эпохі ў каталіцка-праваслаўных адносінах, а таксама аб сумесных ініцыятывах, накіраваных на вырашэнне маральных і геапалітычных праблем сучаснасці.

Усё гэта стала магчыма дзякуючы гістарычнай і беспрэцэдэнтнай сустрэчы тысячагоддзя, якой стала доўгачаканая і вымаленая сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. За ўсё гэта падзякуем Богу, шляхі якога не вядомы нікому і які ўносіць свае прыемныя і вельмі патрэбныя сюрпрызы ў наша жыццё. Нягледзячы на існуючыя паміж католікамі і праваслаўнымі праблемы, Папа і Патрыярх сталі вышэй іх дзеля дабра хрысціянства і свету. Сустрэча, якая прайшла ў духу брацкай любові, адкрытасці, узаемнай адказнасці за лёсы хрысціянства і развіцця цывілізацыі, паказала свету, што нашы Цэрквы могуць сумесна садзейнічаць у справе вырашэння праблем сучаснасці, а таксама сведчыць хрысціянскія каштоўнасці і іх бараніць.

2016-02-13-sl2

У выніку сустрэчы была падпісана сумесная дэкларацыя, у якой закрануты як вельмі шырокі спектр як узаемаадносін паміж католікамі і праваслаўнымі, так і надзённых праблем, з якімі сутыкнуўся свет і якія патрабуюць тэрміновага вырашэння.      Папа і Патрыярх падкрэслілі вострую неабходнасць не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі імнуцца да адзінства хрысціян, а таксама сумесна сведчыць Евангелле і адказваць на выклікі часу. Яны выказалі сваю вострую занепакоенасць растучымі ганеннямі на хрысціян у многіх рэгіёнах свету, асабліва на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, дзе з апостальскіх часоў хрысціяне мірна жылі разам з іншымі рэлігійнымі супольнасцямі і адкуль цяпер павінны ўцякаць. Яны заклікалі міжнародную супольнасць да неадкладных дзеянняў з мэтай прадухіліць выцясненне хрысціян з іх родных мясцін на Блізкім Усходзе, пакончыць з насіллем і тэрорам і аказваць гуманітарную дапамогу бежанцам. Папа і Патрыярх сумесна ўзнеслі свой голас у справе ўстанаўлення трывалага міру ў гэтым рэгіёне шляхам перамоў, а не эскалацыі канфлікту. Пры гэтым яны падкрэслілі, што ў нашу трывожную эпоху неабходна развіваць міжрэлігійны дыялог і ніколі не апраўдваць злачынства рэлігійнымі лозунгамі. Асобнай увагі заслугоўвае сумесная ацэнка адраджэння веры ў Расіі і краінах Усходняй Еўропы, дзе многія дзесяцігоддзі яна жорстка пераследавалася і дзе сёння католікі і праваслаўныя сумесна сведчаць евангельскія каштоўнасці і вядуць шырокую дабрачынную дзейнасць.

2016-02-13-sl1

Прадстаяцелі абедзвюх Цэркваў таксама выказалі сваю занепакоенасць паступаючымі працэсамі абмежавання прынцыпу рэлігійнай свабоды ў многіх краінах свету, якое выяўляецца ў выцясненні хрысціянства на перыферыю грамадскага жыцця, а таксама абмежаваннем правоў хрысціян і нават іх дыскрымінацыяй. Еўрапейская інтэграцыя павінна паважаць хрысціянскую ідэнтычнасць еўрапейцаў. Будучы адкрытай на ўклад іншых рэлігій у еўрапейскую цывілізацыю, Еўропа павінна застацца вернай сваім хрысціянскім караням і традыцыям і захаваць сваю хрысціянскую душу. Асаблівай апекі патрабуюць бедныя і бежанцы. Дух нястрымнага спажывецтва вынішчае рэсурсы планеты, а няроўнасць у размеркаванні зямных скарбаў вядзе да сацыяльнай несправядлівасці. Раздзяляючы вучэнне аб сям’і, удзельнікі сустрэчы яшчэ раз пацвердзілі прыхільнасць прынцыпу, што сям’я – гэта Богам устаноўлены адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай нараджэння і выхавання патомства, салідарнасці паміж пакаленнямі і пашаны да нямоглых. Падчас сустрэчы была закранута праблема захавання як народжанага, так і ненароджанага жыцця, як самага вялікага Божага дару, а таксама непрымальнасці выкарыстання рэпрадуктыўных тэхналогій для маніпулявання чалавечым жыццём. Папа і Патрыярх заклікалі моладзь уцелаўляць у штодзённым жыцці прынцыпы Евангелля і заставацца вернымі Божай праўдзе, з якой далёка не заўсёды сумяшчаюцца сучасныя секулярныя стандарты. Місія абвяшчэння Евангелля, да якой пакліканы ўсе хрысціяне, павінна праводзіцца з узаемапавагай адзін да аднаго і без праяўленняў празелітызму, памятаючы аб тым, што католікі і праваслаўныя – гэта не супернікі, але браты. Шмат увагі было прысвечана праблемам брацкай Украіны, дзе канфлікт, які ўсё яшчэ трывае, прывёў да незлічоных цярпенняў і стаўся прычынай глыбокага эканамічнага і гуманітарнага крызісу. Папа і Патрыярх заклікалі ўсе бакі канфлікту і ўсе Цэрквы сумесна працаваць над мірным вырашэннем канфлікту. Не абыйшлі прадстаяцелі ўвагай і падзелы паміж праваслаўнымі ва Украіне, выказаўшы пажаданне, каб яны былі перадолены на базе існуючых кананічных нормаў. Яны таксама выказалі надзею на тое, што Гаванская сустрэча дапаможа ў вырашэнні праблем узаемаадносін паміж праваслаўнымі і грэка-католікамі.        Напрыканцы дэкларацыі Папа і Патрыярх падкрэслілі, што католікі і праваслаўныя пакліканы разам супрацоўнічаць у галіне абвяшчэння Евангелля, каб свет паверыў. Гэта вельмі важнае і адказанае супольнае заданне, і ад яго паспяховага выканання будзе залежаць будучыня чалавецтва. Яны з надзеяй звярнуліся да Марыі, каб сваім прадстаўніцвам умацоўвала хрысціян і каб яны ў Богам устаноўлены час былі сабраны ў міры і адзінадумстве ў адзіны Божы народ. Сімвалічна, што Патрыярх Кірыл падарыў Папу Францішку ікону Божай Маці Казанскай, а Папа Патрыярху – частку рэліквій св. Кірыла. Успомнім, што вывезеная пасля рэвалюцыі 1917 г. ікона Божай Маці Казанскай дзесяць гадоў знаходзілася ў працоўным кабінеце св. Яна Паўла II, які ў 2004 г. перадаў яе Патрыярху Алексію II. Папа Вайтыла любіў казаць, што яна глядзела на яго, як ён працуе. Яе прысутнасць таксама натхняла яго да намаганняў да еднасці хрыцсціян і развіцця дыялогу з праваслаўнымі вернікамі. Патрыярх Кірыл цяпер перадае тую ж самую ікону Папу Францішку. Такім чынам можна сказаць, што распачатая пад патранатам Марыі ў часы пантыфікату Яна Паўла II падрыхтоўка сустрэчы прыйшла да свайго шчаслівага завяршэння. Сімвалічны таксама падарунак Папы – рэліквіі св. Кірыла. Ён нябесны апякун Патрыярха і разам са св. Мятодам з’яўляецца апосталам славян.

2016-02-13-sl3

Доўгачаканая сустрэча адбылася. Яна ўвойдзе ў гісторыю як першая сустрэча Рымскага Папы і Маскоўскага Патрыярха з поўным усведамленнем той адказнасці, якая ляжыць на іх, за будучыню сваіх Цэркваў, хрысціянства і чалавечай цывілізацыі. Іх асабістая сустрэча будзе спрыяць зняццю бар’ераў для больш эфектыўнага супрацоўніцтва паміж католікамі і праваслаўнымі. Вынікі гістарычнай сустрэчы Папы і Патрыярха вядомыя. Цяпер неабходна маліцца, каб свет, які стаіць на краю бездані, услухаўся ў іх голас. На самым пачатку сустрэчы Патрыярх Кірыл сказаў, што яны з Папам Францішкам сустракаюцца ў адпаведны час і ў адпаведным месцы і няма перашкод для наступных сустрэч. Хаця яны і не запланавалі новай чарговай сустрэчы, тым не менш яна, напэўна, адбудзецца. У святле таго пазітыву, які прынесла сустрэча ў Гаване, здаецца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым. Няхай, з Божай дапамогай, так і будзе, аб чым заклікаю ўсіх маліцца.

Паводле catholic.by

для друку для друку