Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў студыю «Радыё Марыя» ў Беларусі

6 мая ў студыі «Радыё Марыя», якая знаходзіцца ў Мінску, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу з нагоды афіцыйнага дня нараджэння беларускага «Радыё РМ» і благаславіў студыю.

«Радыё Марыя», як падкрэсліў Мітрапаліт, паклікана несці людзям нескажоную праўду пра Бога. «Інаўгурацыя “Радыё Марыя” дае нам новыя перспектывы ў ажыццяўленні гэтага задання, каб да яго слухачоў дайшла праўда пра Марыю і пра вечную барацьбу злога духа з чалавекам», — дадаў іерарх.

Указваючы на значэнне «Радыё Марыя» — найбольш папулярнага каталіцкага радыё ў свеце, — арцыпастыр прыгадаў пра стварэнне Ватыканскага радыё ў 1931 годзе, дзякуючы чаму голас Папы загучаў на ўвесь свет.

«Гэта быў вельмі цяжкі час для Касцёла. У Савецкім Саюзе панаваў атэізм, а на Захадзе Еўропы ўмацоўваўся нацызм. Абодва рэжымы змагаліся з Богам і годнасцю чалавечай асобы, якая вынікае з праўды аб стварэнні і Збаўленні. Многія людзі паддаліся іх уплыву да такой ступені, што нават абагаўлялі палітычных лідараў тых сістэм. У такой сітуацыі Ватыканскае радыё стала эфектыўнай зброяй абвяшчэння вечна жывога і дзейснага Божага слова», — адзначыў у гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч, падкрэсліўшы, што сёння свету пагражае «новая антыдухоўная рэвалюцыя».

На заканчэнне Эўхарыстыі, якая цэлебравалася ў прамым эфіры, праграмны дырэктар кс. Аляксандр Улас звярнуўся да слухачоў з падзякай, бо менавіта дзякуючы ім існуе «Радыё Марыя», і менавіта яны, а не тыя, хто працуе ў студыі, з’яўляюцца галоўным складнікам радыё.

«Радыё Марыя» ў Беларусі: гісторыя і планы

«Радыё Марыя» ў Беларусі — гэта толькі частка вялікай сям’і. Напачатку ў 1983 годзе ў Iталіі было заснавана першае «Радыё Марыя». З 1990 года каталіцкае радыё пачало вяшчанне і ў іншых краінах. На сёння «Радыё Марыя» слухаюць у 70 краінах свету на 5 кантынентах.

«Радыё РМ» у Беларусі было зарэгістравана 1 лістапада 2016 года. Аднак гэтаму кроку папярэднічала некалькі гадоў арганізацыйна-прававой працы.

Сёння «Радыё РМ» у Беларусі мае сваю студыю, якую Мітрапаліт назваў «працоўнай сядзібай», невялікі штат (праграмны дырэктар кс. Аляксандр Улас, адміністратар радыё Вячаслаў Гулевіч, каардынатар працы радыё Аліна Угорыч), мноства ідэйных валанцёраў і слухачоў, якія далучаюцца не толькі да малітвы. Сёння, як паведаміла карэспандэнту Catholic.by каардынатар працы радыё Аліна Угорыч, — гэта ўжо каля 40 працэнтаў прамога эфіру, падчас якога слухачы маюць магчымасць патэлефанаваць у студыю або напісаць вядучым праз сацыяльныя сеткі і іншыя сродкі камунікацыі.

Акрамя дасягненняў у «Радыё Марыя» наперадзе шмат ідэй і задумак. Адна з іх, як падзялілася з Catholic.by Аліна Угорыч, — вывучэнне разам са слухачамі на англійскай мове хрысціянскай тэрміналогіі, а таксама сталых частак Імшы.

Адміністратар радыё Вячаслаў Гулевіч распавёў таксама пра распрацоўку адмысловага гаджэту, арыентаванага больш на слухачоў сталага ўзросту, якія звычайна не маюць доступу да інтэрнэту. Так званая калонка wi-fi пры падключэнні да інтэрнэту будзе нагадваць радыёкропку, толькі ў дадзеным выпадку духоўную радыёкропку — «Радыё Марыя».

Акрамя гэтага Вячаслаў Гулевіч паведаміў пра ідэю супрацоўніцтва з мабільнымі аператарамі па пытанні безлімітнага слухання «Радыё Марыя» за невялікі кошт.

«Радыё Марыя», хоць і каталіцкае радыё, але адкрыта таксама на іншыя веравызнанні, людзей любога ўзросту і статусу.

Валянціна Грамыка, тэкст
Віталій Палінеўскі, фота

catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі