Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч абраны “Чалавекам 2015 года” па версіі салезіянскай сям’і

minsk_yubilej6Юбілей 70-годдзя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча сабраў 2 студзеня шматлікіх святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Салезіянская сям’я таксама не была выключэннем. Ксяндзы-салезіяне, сестры-салезіянкі, салезіяне-супрацоўнікі і моладзь прыехалі з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны, каб узнесці малітвы падзякі Пану за добрага святара, пастыра і сапраўднага Чалавека. Моладзь добра ўсведамляе вартасць гэтай асобы ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі. Не хапае слоў, каб выказаць прыхільнасць і ўдзячнасць гэтаму добраму пастыру. Бо разам з ім каталіцкая Беларусь перажывала розныя моманты радасці і смутку, цішыні і ахвярнасці, ганення і ўзмацнення Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

minsk_yubilej1

Святой Імшой віншаванне толькі распачалося. Пасля ўрачыстай Эўхарыстыі Яго Эксцэленцыю чакаў сюрпрыз. Моладзь сабралася ў будынку курыі і чакала, каб гучным спевам і хлапушкамі прывітаць юбіляра. Для арцыбіскупа гэта было нечакана, але прыемна. Таксама ў адмысловай гульні па версіі гледачоў салезіянскага каналу Sdb.by/news Арцыпастыр быў выбраны «Чалавекам 2015 года». Ганаровае званне Мітрапаліт Тадэвуш з бравурай пацвердзіў. Моладзь падкрэсліла, што Мітрапаліт стаў чалавекам года не толькі таму, што яго можна было сустрэць на роваравай дарожцы, і ён добра адказаў на ўсе пытанні гульні, але і таму, што зараз менавіта ён з’яўляецца тым, хто піша гісторыю Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Вось чаму для ўсіх вернікаў Яго Эксцэленцыя — пастыр нумар адзін.

minsk_yubilej5

Маладыя людзі пажадалі арцыбіскупу заставацца чалавекам года яшчэ вельмі доўгі час. У сваім віншаванні моладзь адзначыла, што для яе Мітрапаліт Тадэвуш з’яўляецца маладым духоўна, бо па-першае, ён вельмі актыўны і прымае ўдзел ва ўсіх спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку і ў салезіянскіх. Па-другое, як казаў св. Ян Боска, наш Мітрапаліт Тадэвуш сапраўды любіць тое, што любіць моладзь ­­­— гульні, спевы і весялосць. Падарункам, які моладзь перадала свайму Арцыпастыру, стаў сертыфікат, які дазволіць Яго Эксцэленцыі набыць спартыўны строй.

На завяршэнне сустрэчы салезіяне падкідалі ўгору арцыбіскупа, як калісьці падкідалі ўгору св. Яна Боска яго духоўныя сыны, выказваючы такім чынам яму сваю пашану і прыносячы радасць.

minsk_yubilej2 minsk_yubilej3 minsk_yubilej4Кацярына Мальцава, тэкст
Анастасія Субач, фота

для друку для друку