Мітрапаліт Кандрусевіч: «Пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы піша новую старонку ў гісторыі адносін Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі»

28 верасня перад пачаткам пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) яго прэзідыум на чале з кардыналам Анджэло Баньяска даў прэс-канферэнцыю, паведамляе Catholic.by.

Адзін з аспектаў, які прагучаў ва ўступным слове Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, датычыў узаемаадносін Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі.

Прыгадваючы наведванне мінскага Свята-Духавага сабора, дзе еўрапейскія іерархі пабывалі перад пачаткам пасяджэння, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пазітыўна ацаніў удзел у прыёме Мітрапаліта Паўла:

«Такога, каб асобны праваслаўны іерарх прымаў усіх біскупаў Еўропы яшчэ не было. Я прысутнічаў амаль на ўсіх пасяджэннях Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы пачынаючы з 1991 года, але такога яшчэ ні разу не бачыў».

«З гэтым форумам распачынаецца новая гісторыя адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у нашай краіне. Гэта адносіны роўныя, і гэта працяг таго, што адбылося ў Гаване падчас сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Кірыла. І сёння мы бачым вынікі гэтага».

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што задача хрысціянскіх супольнасцяў – у супольным адказе на выклікі часу, з якімі сутыкаюцца вернікі.

Таксама, кажучы пра ўдзел Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у пасяджэнні РКБЕ, іерарх адзначыў: «Гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што мы разам імкнёмся да вырашэння праблем».

«Выказваю надзею, што гэты форум, узбагачаны сустрэчай з Прэзідэнтам Беларусі, дапаможа Каталіцкаму Касцёлу ў далейшым яго развіцці, у развіцці адносін паміж дзяржавай і Касцёлам, а таксама ў развіцці як міжрэлігійнага, так і міжканфесійнага дыялогу», — дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ілья Лапато, тэкст;
Віталій Палінеўскі, фота

 

для друку для друку