“Міс Германія” прыедзе на сустрэчу з Папам

miss-germaniaУладальніца тытулу “Міс Германія 2016” Лена Бродэр сустрэнецца 15 чэрвеня  падчас агульнай аўдыенцыі з Папам Францішкам. Аб гэтым маладая настаўніца рэлігіі паведаміла нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “KNA”.

З гэтай нагоды яна падорыць Пантыфіку сваю кнігу “Прыгажосць ўва мне – з верай да поспеху”. Па словах уладальніцы тытулу “Міс Германія”, яна хоча засведчыць Святому Айцу, “што маладыя людзі ганарацца сваёй верай”.

Бродэр у мінулыя выходныя была госцем Каталіцкага дня (Katholikentag) у Лейпцыгу. Яна прызналася там, што сустрэцца з Папам марыла з дзяцінства, калі ў групе калядоўшчыкаў, якіх у Германіі называюць “спевакамі зоркі” (Sternsinger), збірала сродкі для дапамогі місіянерам.

Калі яе спыталі, ці будзе яна выступаць на конкурсе “Міс Свету”, яна адказала, што, на яе думку, ужо дасягнула ўсяго, пра што можна марыць, і што важна ў нейкі момант спыніцца.

“Мяне менш за ўсё хвалюе мой знешні выгляд – асоба і характар нашмат важнейшыя”, — сказала Бродэр.

Гэтая думка гучыць і на старонках кнігі, якую напісала Лена. Маладая настаўніца дамаводства і каталіцкай рэлігіі піша ў ёй аб сваім асабістым ідэале прыгажосці, які развіваўся на працягу гадоў і аб тым, як прыгажосць, Касцёл і вера могуць суіснаваць гарманічна.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку