Мінскі «Карытас» завяршыў акцыю па зборы сродкаў на падтрымку найбольш бедных

Першая частка дабрачыннай акцыі “Святло Міласэрнасці”, якую ладзіць “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, завяршылася ў нядзелю Божай Міласэрнасці.

Мэта акцыі – збор ахвяраванняў на прадукты і сродкі першай неабходнасці для бедных і ўбогіх. Адным з пунктаў дапамогі з’яўляецца дом начнога прабывання для асобаў без вызначанага месца жыхарства па вул. Ваўпшасава, 42.

Дзеля таго, каб сабраць сродкі на дапамогу, валанцёры “Карытас” прапаноўвалі парафіянам трох касцёлаў Мінска (архікатэдры імя Найсвяцейшай Панны Марыі, св. Сымона і Алены і св. Роха) адмысловыя свечкі з сімволікай Юбілейнага Году Міласэрнасці (таксама гэтыя свечкі можна было знайсці ў іншых касцёлах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі).

Каб адзначыць завяршэнне дабрачыннай акцыі валанцёры і супрацоўнікі мінскага “Карытас” сабраліся ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры св. Лукі на святочную Імшу, на пачастунак, а таксама, каб абмеркаваць будучыя планы. Імшу ўзначаліў дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі а. Андрэй Жылевіч OFMCap. Падчас гаміліі а. Андрэй казаў пра Божую Міласэрнасць і яе рэалізацыю ў жыцці валанцёраў і супрацоўнікаў “Карытас”, пра сапраўдную дапамогу бліжнім, а таксама падзякаваў удзельнікам за ахвярнае служэнне, якое абавязкова прыносіць свой багаты плён. На завяршэнне сустрэчы ўсе прысутныя памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Sustrecha_Valancerau_1 Sustrecha_Valancerau_2 Sustrecha_Valancerau_6

Паводле caritas-minsk.by

для друку для друку