Мінск рыхтуецца да буйнога сходу іерархаў Еўропы

Пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, якое пройдзе ў Беларусі напрыканцы верасня, будзе ўключана ў афіцыйную праграму святкавання 950-годдзя Мінска.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі лічыць, што гэта надае яшчэ большую значнасць падзеі, якая збярэ ў сталіцы амаль 50 кіраўнікоў епіскапатаў краін Старога Свету, а таксама абумоўлівае месца адкрыцця. “Пасяджэнне пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка, а адкрыццё адбудзецца ў Мінскай ратушы. Касцёл таксама жыве тым, чым жывуць мясцовыя жыхары, чым жыве горад. А гэта вялікая і значная дата – 950 год, і мы такім чынам таксама далучаемся да святкавання”, — падкрэсліў беларускі іерарх у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Сярод замежных іерархаў, якія прыбудуць у юбілейны Мінск будзе, па меншай меры, каля 10 кардыналаў. Статус форума – відавочны, і традыцыйна ён не абмяжоўваецца непасрэдна пасяджэннем. Чакаюцца і штодзённыя літургіі з удзелам гасцей у храмах горада, і сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, Праваслаўнай Царквы, патлумачыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Я не раз быў на такіх пасяджэннях, і заўсёды на адкрыцці прысутнічаюць прадстаўнік ураду і мэр горада. Мы таксама запросім Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі, каб ён выступіў з дакладам. А таксама плануецца візіт у праваслаўны храм”, — паведаміў гаспадар форуму.

Пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы праходзіць раз у год і заўсёды – у розных краінах. Мінск абраны сталіцай форума ўпершыню. Горад і Каталіцкі Касцёл у Беларусі рыхтуюцца годна сустрэць маштабную падзею. “Не проста так Беларусь была выбрана: гэта знак пашаны да краіны, да Касцёла, да міжканфесійных і міжрэлігійных адносін у нашай краіне. Нам трэба ганарыцца, што Мінск прыме такі форум”, — лічыць арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі.  

На гэты раз на форуме ў Мінску будзе разгледжана сітуацыя ў Каталіцкім Касцёле Беларусі, адносіны католікаў з іншымі канфесіямі, а яго галоўнай тэмай стане моладзь, што зразумела напярэданні Сінода Біскупаў, які пройдзе праз год у Ватыкане. Знаёмства, дыялог, абмеркаванне актуальных праблем – карысць такіх сустрэч нельга пераацаніць. 

Сустрэча Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы натхняе да пытання арганізацыі падобнага кшталту рэгіянальнай асамблеі біскупаў усходне-еўрапейскага рэгіёну, у рамках якой іерархі атрымалі б магчымасць абмяркоўваць блізкія для сваіх Касцёлаў пытанні, выказаў думку старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. “Гэта актуальнае пытанне. Некалі было некалькі спатканняў у фармаце Беларусь, Расія, Казахстан, Украіна. 25 гадоў таму былі іншыя праблемы, напрыклад, не было літургічных, тэалагічных кніг. Таксама ўзнікла пытанне, што кожная з краін карыстаецца сваёй мовай. І кожны глядзеў са свайго пункту гледжання. А цяпер – іншая сітуацыя, магчыма, сёння трэба глядзець на больш глабальныя тэмы. Таму трэба некалі падымаць гэта пытанне”, — адзначыў іерарх.       

Тры гады таму ў Беларусі прайшоў гістарычны праваслаўна-каталіцкі форум, які таксама ў адным месцы сабраў дзясяткі іерархаў абедзвюх Цэркваў. У Беларусі спадзяюцца, што і будучая падзея ўвойдзе ў гісторыю.

Ватыканскае радыё

для друку для друку