У Беларусі адбылося адкрыццё Года кансэкраванага жыцця

minsk_katedra42Наступаючы 2015-ты год прызначаны Папам Францішкам Годам кансэкраванага жыцця. У першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада, у Паўсюдным Касцёле распачнецца Год кансэкраванага жыцця.

У Беларусі адкрыццё Года кансэкраванага жыцця пачалося 27 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Перад Эўхарыстыяй адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту.

Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Спачатку ён прывітаў біскупа Пінскай дыяцэзіі Антонія Дзям’янку, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага, дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага, біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, а таксама законніц і законнікаў, якія сабраліся разам на ўрачыстае распачацце года.

Арцыбіскуп заклікаў маліцца за тое, каб кансэкраванае жыццё ў Беларусі было поўнае смаку, як добры хлеб. Ад імя Касцёла ён дзякаваў тым, якія пайшлі за голасам асаблівага паклікання, якое з’яўляецца вялікім багаццем.

Іерарх адзначыў, што гэты год прысвечаны кансэкраваным асобам для таго, каб узмацніць агонь кансэкраванага жыцця, каб ён быў больш гарачы, і каб яго полымя сагравала тых, хто навокал.

Арцыбіскуп заклікаў кансэкраваных асоб не заставацца на адным месцы, а заўсёды шукаць шляхоў развіцця і больш дасканалай рэалізацыі свайго паклікання

Пасля Святой Імшы да законнікаў і законніц звярнуўся з канферэнцыяй Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіппо Чампанэллі.

У Паўсюдным Касцёле Год кансэкраванага жыцця завершыцца святой Імшой, якую будзе цэлебраваць Папа ў Ватыкане 2 лютага 2016 года.

Ірына Грэйць, тэкст і фота

 

для друку для друку