Міністранты з Верхнядзвінска здзейснілі патрыятычную вандроўку

Ministranty_Verxnadvinsk3У Дзень Перамогі міністранты верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі разам са сваім пробашчам, бацькамі і хлопцамі з міёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, здзейснілі патрыятычную вандроўку па месцах баёў Вялікай Айчынай вайны.

Па тэрыторыі цяперашняга Верхнядзвінскага раёна праходзіла знакамітая «Лінія Сталіна», рэшткі якой захаваліся да нашых дзён. Менавіта па доўгатэрміновых апорных кропках Смулькаўскага ўмацаванага раёна, які прыкрываў пераправу праз Заходнюю Дзвіну, пралягаў маршрут падарожжа.

Перад тым, як накіравацца ў дарогу, удзельнікі вандроўкі разам з ксяндзом Аляксандрам сабраліся на плябаніі, каб пазнаёміцца, абмеркаваць маршрут і даведацца аб гісторыі першых дзён вайны. Цікавы аповед пра гераізм нашых салдат прадставіў старшы лейтэнант Павел Марціноўскі, які служыць у пагранічных войсках. Таксама ўдзельнікі даведаліся пра канструкцыю і значэнне абарончых пабудоў.

Ministranty_Verxnadvinsk4

Пасля тэарэтычнай падрыхтоўкі паступіла каманда «па машынах», і ўсе вырушылі ў шлях. Мэтай падарожжа былі ўмацаваныя кропкі, якія размяшчаюцца па правым беразе Дзвіны. Суровая манументальнасць і інжынерная планіроўка канструкцый цытадэляў захоплівала дух не толькі дзяцей, але і дарослых. Двухметровыя жалезабетонныя сцены ўмацаванняў з вачніцамі байніц уражвалі сваёй моцай і велічнасцю.

Ministranty_Verxnadvinsk1

Пасля агляду фартыфікацыйных пабудоў удзельнікі экспедыцыі сабраліся на прывал, дзе ўсіх чакала сапраўдная салдацкая каша з дымком і цікавыя размовы каля вогнішча.

Падсілкаваўшыся і адчуўшы баявы дух, хлопцы з вялікай ахвотай прынялі ўдзел у конкурсе на самага трапнага стралка з пнеўматычнага пісталета. Найлепшымі снайперамі аказаліся хлопцы з Міёраў. Пасля спаборніцтваў у стральбе па мішэні праверылі спрыт на меткасць удараў па варотах. Футбольны матч не выявіў яўнага пераможцу – добрую гульню паказалі міністранты і Міёраў, і Верхнядзвінска.

Ministranty_Verxnadvinsk2

Заканчэнне сустрэчы прайшло ў духу братэрства і сяброўскай згоды. Кожны ўдзельнік мог акунуцца ў атмасферу святкавання Дня Перамогі, а таксама падмацавацца духам патрыятызму і пашаны да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.

Кс. Аляксандр Грыцкевіч, тэкст;

Павел Каскевіч, фота

для друку для друку