- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Міністэрства замежных спраў: «Мы чакаем кіраўніка Рыма-Каталіцкай Царквы з візітам у Рэспубліку Беларусь»

[1]27 чэрвеня, напярэдадні ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр даў прыём з нагоды шостай гадавіны пантыфікату Папы Францішка, на якім прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Беларусі і дыпламатычнага корпусу ў нашай краіне.

Са словам прывітання ад імя ўраду да прысутных звярнуўся намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка. У адказ на прамову Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра прадстаўнік дзяржаўных уладаў адзначыў высокую ступень зацікаўленасці беларускага боку ў далейшым плённым развіцці адносінаў са Святым Пасадам, якія паспяхова працягваюцца ўжо больш за чвэрць стагоддзя.

«Мы высока цэнім намаганні папы Францыска, скіраваныя на ўмацаванне міжканфесійнай згоды, забеспячэнне паразумення паміж народамі. Нам блізкія ідэі яднання і згуртаванасці, да якіх звяртаецца папа Францыск, і якія ўвасаблялі на сваім шляху святыя апосталы Пётр і Павел»,— падкрэсліў Алег Краўчанка.

Прадстаўнік беларускага знешнепалітычныга ведамства пры гэтым звярнуў увагу на аднолькавыя пазіцыі Беларусі і Святога Пасаду ў разуменні сацыяльнай справядлівасці і традыцыйных каштоўнасцяў. Пры гэтым Алег Краўчанка выказаў спадзяванне на далейшае развіццё супрацоўніцтва, якому ўласцівыя павага і давер. Пры гэтым намеснік міністра сказаў і такія знамянальныя словы:«Чакаем кіраўніка Рыма-Каталіцкай Царквы з візітам у Рэспубліку Беларусь».

Выказаўшы на заканчэнне сваёй прамовы пажаданне моцнага здароўя Папу Францішку, беларускі дыпламат пажадаў таксама ўсім прысутным міру, шчасця і дабрабыту

Фота Віталія Палінеўскага
Catholic.by [2]