Мінгарвыканкам: аднаўленне касцёла Тамаша Аквінскага на Кастрычніцкай плошчы не плануецца

minsk_kasc_sw-famy1Яшчэ некалькі гадоў таму актывісты звярнуліся ў Мінгарвыканкам з прапановай аднавіць на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску дамініканскі касцёл св. Тамаша Аквінскага — адзін з найпрыгажэйшых у Мінску помнікаў барока, знесены ў 1950 годзе. Гэтым летам мінчане яшчэ раз пацікавіліся планамі ўладаў па пытанні храма, даслаўшы калектыўны зварот. Нядаўна атрыманы афіцыйны адказ з Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Касцёл Тамаша Аквінскага быў узведзены ў XVII стагоддзі на Высокім рынку (раён скрыжавання сучасных вуліц Энгельса і Інтэрнацыянальнай). Будынак ўваходзіў у склад кляштарнага комплексу і вылучаўся сваім багата дэкараваным фасадам і ўнутраным ўбраннем. Пасля падаўлення паўстання 1863 года комплекс выкарыстоўваўся ў якасці ваеннага двара. У пачатку XX стагоддзя тут размяшчалася пажарнае дэпо.

minsk_kasc_sw-famy

У ходзе вызвалення Мінска савецкімі войскамі будынак сур’ёзна пацярпеў, пасля чаго так і не быў адноўлены. У 1950 годзе, калі распрацоўваўся новы генплан Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы, было вырашана знесці былы касцёл. У цэнтры плошчы архітэктары задумалі ўзвесці помнік Сталіну, а суседства фігуры правадыра з руінамі былой культавай установы палічылі недарэчным.

Да падмурка касцёла археолагі дабраліся ў 1986 годзе, калі на плошчы вялося будаўніцтва Палаца Рэспублікі. Пасля абследавання аб’ект быў накрыты пад брукаваннем плошчы. Зараз тут проста тратуарная плітка і газон.

У 2011 годзе архітэктурная секцыя Беларускага добраахвотнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры на аснове навукова-даследчых матэрыялаў распрацавала эскізную прапанову аднаўлення помніка архітэктуры. Так мог бы выглядаць адроджаны касцёл:

minsk_kasc_sw-famy1

У красавіку 2016 года ў інтэрнэце з’явіліся новыя эскізы касцёла, выкананыя Аляксандрам Неварам. Гэта аматарская праца, якая дае нагляднае ўяўленне пра знешні выгляд і габарыты страчанага будынка.

minsk_kasc_sw-famy3 minsk_kasc_sw-famy2

У нядаўна атрыманым актывістамі лісце Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама паведамляе, што ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 02.08.2016 №607 месцу, дзе размяшчаўся касцёл Тамаша Аквінскага, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аднак аб аднаўленні будынка гаворкі не ідзе.

«З улікам дадзенай горадабудаўнічай сітуацыі аднаўленне касцёла святога Тамаша Аквінскага і дамініканскага манастыра не плануецца», — адзначаецца ў лісце.

minsk_kasc_sw-famy4

Па матэрыялах onliner.by

для друку для друку