- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Межы ў людскіх адносінах (канферэнцыя айца Аляксандра Жарнасека МІС)

[1]Чаму нас зацікавіла гэтая тэма? Я глыбока перакананы, што існаванне пэўных межаў у адносінах з іншымі людзьмі сведчыць не толькі пра культуру чалавека, але найперш пра нашу сталасць. Чалавек, які становіцца дарослым, проста вымушаны задумвацца над межамі у адносінах з іншымі людзьмі. Гэта тычыцца таксама і духоўнага жыцця. Я нават не магу ўявіць духоўны рост чалавека, які не мае ніякіх межаў у адносінах з людзьмі. Нават калі мы не маем ніякіх ворагаў, калі мы пазітыўныя ў адносінах да ўсіх людзей на планеце, нават калі ўмеем у любых сітуацыях знаходзіць мір і паяднанне, то гэтая тэма межаў усё роўна будзе час ад часу паўставаць перад намі.

ПРАБЛЕМАТЫКА

Нашая тэма вельмі шырокая. Яна існуе ў многіх сферах нашага жыцця: развіта ў псіхалогіі, асабліва ў ЗША і Еўропе. Ёсць шмат матэрыялу па гэтай праблеме, але важна не заблытацца ў ім. Напрыклад, нехта лічыць, што ўсялякае абмежаванне чалавека – гэта гвалт над яго асабістымі межамі. Першы артыкул, на які я натрапіў, быў «Не адмаўляй сабе ні ў якіх жаданнях». Зразумела, што з такім падыходам і сям’я стане пагрозай для тваіх межаў, і дзеці, і мараль з этыкай, і Закон Божы і г.д. У выніку можа паўстаць поўная анархія на ўзроўні жывёльнага інстынкту, але некаторыя менавіта так і разумеюць тэму межаў. Зразумела, што нас цікавіць погляд веруючага чалавека на дадзеную тэму.

Дык што ж гэта такое, межы міжлюдскіх адносінаў? Гэтае паняцце існуе амаль выключна  ў псіхалогіі, але яно вельмі рэальнае. З аднаго боку, гаворка ідзе пра нешта нябачнае, тое, да чаго нельга дакрануцца, праверыць ці нават даказаць, але, з іншага боку, кожны з нас адчувае, што гэтыя нябачныя межы існуюць. У псіхалогіі паняцце межаў звязана з паняццем “Я”, якое адрозніваецца ад “Я” іншых людзей. Інакш кажучы, размова ідзе пра ўсведамленне самога сябе, які ёсць асобай і чалавекам, а не проста часткай соцыўма ці ананімнай часткай статка.

Асноўная праблема ў тым, што нашыя асабістыя межы мы павінны нейкім чынам дастасаваць да патрэбаў грамадства. Калі мы гэтага не робім (г.зн. усё робім па-свойму і як нам хочацца), то грамадства можа назваць нас злачынцам і нават асудзіць. Калі ж мы ўсялякім чынам дастасоўваемся да патрэбаў грамадства, якое можа быць абсалютна хворым, і забываем пра свае асабістыя патрэбы і межы, то становімся неўротыкамі. Большасць прыстойных людзей у нашым грамадстве – скрытыя неўротыкі. Парадаксальна, але неўротык – гэта той жа злодзей, толькі ў адносінах да самога сябе. Дазволю на гэтую тэму працытаваць фрагмент аднаго артыкула, аўтарства якога ў мяне, на жаль, не захавалася:

Чым неўротыкі адрозніваюцца ад людзей, якія маюць свае «межы»?

Чым яны плоцяць за адсутнасць сваіх межаў? А такая заплата існуе.

Людзі з парушанымі асабістымі межамі часта вымушаныя затрачваць вялізную колькасць энергіі, спрабуючы «зберагчы адносіны»

З чым гэта звязана? Найчасцей са страхам згубіць прыязнасць блізкіх, родных, супрацоўнікаў, начальства. Яны часта згаджаюцца на дзеянні, якія супярэчаць іхнім асабістым інтарэсам: за кагосьці працуюць, аддаюць свой асабісты час на іншых, нягледзячы на тое, што маюць на яго зусім іншыя планы і г.д.

Ды і няхай бы сабе, але ўся праблема ў тым, што ўсе гэтыя ды іншыя дзеянні не прыносяць чалавеку ні любові, ні блізкасці, дзеля чаго і здзяйсняецца гэтае штодзённае ахвярапрынашэнне самога сябе. Больш за тое, усё гэта ўспрымаецца іншымі як належнае. І ў адказ – ні слова ўдзячнасці.

Чалавек, які дазваляе парушаць свае ўласныя межы, дае магчымасць іншым маніпуляваць сабой. Невыразнае ўсведамленне асабістых межаў прыводзіць да таго, што чалавек не можа зразумець, што ўваходзіць у ягоныя абавязкі, а што – не, дзе пачынаецца і дзе сканчваецца ягоная адказнасць.

Часта ён не ў стане размежаваць уласнае “Я” ад “Я” іншага чалавека, ён спрабуе вырашыць задачы, якія стаяць зусім не перад ім: безадказнасць начальніка, інфантыльнасць сужонка, негатыўныя эмоцыі блізкага чалавека і г.д.

Ён “кідаецца на амбразуру”, спрабуючы прыкрыць сабою праломы чужой адказнасці – усё без разбору ўзвальвае на сябе, прымае нязручныя для сябе рашэнні, адмаўляецца ад таго, каб задаволіць свае ўласныя патрэбы, стараючыся пры гэтым аблегчыць жыццё іншым. 

Пры парушаных асабістых межах чалавеку заўсёды будзе цяжка сказаць сваё “не”, калі на яго ціснуць, альбо штосьці патрабуюць ад яго – нават калі гэта і вельмі важна. [2]

Разважаючы на тэму асабістых межаў, нам часам давядзецца сутыкнуцца з паняццем “асэртыўнасці”. У свой час я быў здзіўлены, калі зразумеў, што ў Беларусі многія нават не чулі пра такое слова. Мне падалося тады, што я гэтае слова пераняў з польскай мовы і ў нашай мове будзе проста іншы адпаведнік. Аднак аказалася, што такое слова ёсць, проста яно настолькі для нас чужое, што амаль не існуе ў нашай культуры як паняцце. Нават “гугл-перакладчык” нічога мне не патлумачыў. Хто з вас чуў або ведае што такое “ассэртыўнасць”? Ну вось… А такое паняцце ёсць і яно звязана з нашай тэмай межаў. Дазволю зацытаваць тлумачэнне гэтага слова:

Тэрмін “асэртыўнасць” паходзіць ад ангельскага дзяслова «to assert» – настойваць на сваім, сцвярджаць, адстойваць свае правы. Пад асэртыўнымі паводзінамі разумеюць такія паводзіны, калі чалавек паважае сябе і іншых. Гэта дэманстрацыя ветлівай настойлівасці, здольнасць упэўнена і дабразычліва паводзіць сябе, адстойваць свае правы, паважаючы пры гэтым іншых.

Калі чалавек ніколі не казаў “не”, не вучыўся быць асэртыўным, а пачаў гэта рабіць у сталым узросце, то ён можа патрапіць у іншую крайнасць – можа пачаць усім казаць “не” у любы момант і ў самых простых бытавых сітуацыях. З такім чалавекам не так проста знаходзіцца побач, таму што яго нельга ні аб чым папрасіць, на яго нельга разлічваць, бо ён усяму пярэчыць. Мне даводзілася такое бачыць. Вядома, гэта хваравіта, іншая, так бы мовіць, крайнасць і хацелася б такога пазбягаць. Можна сказаць, што чалавек пачаў перажываць свой пераходны ўзрост, адно што не ў свае чатырнаццаць-шаснаццаць, а ў трыццаць-пяцьдзесят гадоў.

Трэба выразна зразумець, што быць асэртыўным або ўмець бараніць свае межы – гэта не тое ж самае, што быць бунтаўніком. У свой час у турэмным асяроддзі мне давялося сустрэцца з паняццем “атрыцалава” сярод маіх падапечных. На зоне так называлі тых, хто мэтанакіравана не хацеў падпарадкоўвацца міліцэйскаму парадку ў турме. Гэтыя людзі бунтаваліся супраць любых правілаў. У такім выпадку трэба казаць не пра асэртыўнасць, а пра бунтарства. У духоўным жыцці некалі я сустрэўся з паняццем “дух супярэчнасці”. Так кажуць пра людзей, якія заўсёды кажуць насуперак. Гаворка тут не пра пошукі праўды ці пра асабістыя межы, а пра бясконцы і бессэнсоўны бунт. Будучы асэртыўным і вызначаючы свае межы, ты не пярэчыш усяму, не кажаш як правіла “не”, а распазнаеш калі казаць “не”, а калі “так”, калі бараніць сябе, а калі адкрыцца перад іншым, ці нават ісці на ахвяры.

КАЛІ БУДУЕШ НЕ ТЫ, А ХТОСЬЦІ ЗАМЕСТ ЦЯБЕ

Вызначэнне асабістых межаў не перадаецца ў спадчыну, а здабываецца амаль усё жыццё. Гэта асабістая праца кожнага чалавека над пазнаннем, кім ты ёсць, вызначэнне сваіх межаў звязана з этапам самапазнання.

[3]

Знешні свет аказвае на нашыя межы  агромністы ўплыў. Паспрабуем назваць гэтыя ўплывы:

Бацькоўскі дом. Часта нашыя межы парушаюцца ў дзяцінстве, калі бацькі спрабуюць нам убіць у галаву, кім мы павінны быць. Часта бацькі паказваюць дзецям, што яны павінны адчуваць, што думаць, аб чым марыць і г.д. Важна тут раздзяляць выхаванне (хрысціянскае выхаванне) ад чыста чалавечага кантролю над дзецьмі. Адна рэч – паказаць чалавечы характар добрага і прыстойнага хрысціяніна, і зусім іншая  – схіляць сваё дзіця да выканання тваіх мараў (каб стаў доктарам, як я, каб зарабляў шмат грошай, каб жыў у горадзе, скончыў універсітэт, каб выйшла замуж не пазней дваццаці, каб нарадзіла шмат унучкоў, каб стаў святаром і г.д.). Дзеці не адчуваюць сваіх межаў і не трэба ім паказваць іх ці чакаць сталасці і самастойнасці. У працэсе выхавання бацькі нясуць аргомністую адказнасць. Але працэс выхавання пачне плаўна пераходзіць у этап самастойнасці, і тут нашыя дзеці пачнуць адчуваць больш свядома свае межы. Мы гэты перыяд называем “пераходным узростам”. Вельмі важна, каб бацькі дапамаглі дзецям свядома прыняць сваю асабовасць і не парушалі іх межаў. Цікава, што гэты пераход можа адбывацца таксама на ўзроўні духоўным. Некалі мяне вельмі ўразіла сведчанне пастыра А. Шаўчэнка, які казаў як яму было цяжка прыняць тое, што яго веруючы сынок пачынае адкрываць ролю Святога Духа і ў яго пачынае з’яўляцца свой уласны духоўны вопыт. Ён па-свойму моліцца, ён слухае іншыя духоўныя песні і г.д. Тут таксама трэба прызнаць наяўнасць межаў.

Савецкае мінулае. Камуністычная ідэалогія прапаведвала г.зв. роўнасць. Ты не мог мець сваёй уласнасці, не мог быць багатым, не меў права вылучацца. Гэты “калгасны” менталітэт знішчыў усялякую індывідуальнасць. Тваё жыццё павінна быць перад іншымі як на далоні. Усе чамусьці павінны ведаць, што ты ясі, колькі зарабляеш, дзе працуеш, з кім размаўляеш і да каго ходзіш. Табе на працы скажуць, што ты павінен рабіць, а ў выніку ў цябе нараджаецца перакананне, што тваё асабістае жыццё не такое і важнае; ты пачынаеш служыць партыі, краіне, прадпрыемству, дырэктару і г.д. Гэты савецкі кантроль за чалавекам вісіць над многімі да сённяшняга дня.

Гіперадказнасць за іншых. Часта чалавек не можа вызначыць свае межы, бо адчувае сябе ўвесь час у ролі ратаўніка, які на сваім горбе цягне не толькі ўсю сям’ю, але нават і ўсё чалавецтва. Як правіла, гэтая праблема сузалежных, але не толькі. Такі чалавек часта хаваецца ад самога сябе і апраўдваецца тым, што яму ўвесь час трэба некага там ратаваць. Думаю, што да такой сітуацыі часта як найбольш пасуюць словы Хрыста: ці можа сляпы сляпога ўратаваць?

За жалезнай сцяной. Чалавек часта знаходзіцца паміж рознымі крайнасцямі. З аднаго боку, адны губяць свае межы і індывідуальнасць пад уплывам і націскам грамадства, а з іншага боку, нехта так баіцца за сябе, што ўвогуле не будуе ніякіх адносінаў. Такія людзі баяцца давяраць некаму, нічога не распавядаюць, не могуць папрасіць аб дапамозе і г.д. Яны проста схаваліся ад грамадства за вялікай сцяной. З аднаго боку здаецца, што гэта іх мяжа, але, насамрэч, яны якраз і не захацелі будаваць сваіх межаў, а проста схаваліся.

Навошта нам ведаць пра знешні свет, які аказвае ўплыў на фармаванне нашых межаў? Калі мы і надалей знаходзімся пад гэтым рабскім уплывам, то мы не зможам фармавацца як асоба. Той, хто не даваў нам фармаваць нашыя межы, будзе перашкаджаць і надалей. У нейкім сэнсе тут працуе евангельская прыпавесць пра тое, што новая лата не прышываецца да старога сукна.

СІСТЭМА ПРАЦЫ НАД МЕЖАМІ

Псіхолагі раяць найперш вызначыцца для сябе з трымя крокамі: назваць свае межы, навучыцца іх абараняць і не парушаць чужых межаў.  [4]

  1. Назваць свае межы

Гэты крок звязаны з нашай мэтанакіраванасцю, з усведамленнем, куды ідзем і чаго хочам дабіцца. Будуючы адносіны з людзьмі, мы павінны задаваць сабе пытанне: куды вядуць гэтыя адносіны, чаго я ад іх чакаю? У залежнасці ад адказу на гэтыя пытанні мы пачынаем будаваць нашыя межы. Напрыклад, калі жанчына сустракаецца з мужчынам, то павінна адказаць сабе, які характар нясе гэта сустрэча. Гэта праца, бізнес, сяброўскія адносіны, духоўныя ці любоўныя? У залежнасці ад яснага адказу на гэтае пытанне дарослы чалавек пачынае вызначаць свае межы.

Ёсць шмат розных трэнінгаў для таго, каб распазнаць свае асабістыя межы. Напрыклад, нехта малюе карту з дзяржавамі, якія сімвалізуюць канкрэтных людзей, і спрабуе па аналогіі падпісваць дамовы, саюзы, перамір’е альбо ўстанаўліваць візавыя рэжымы са шматкротным праездам або раз на год і г.д. Іншы трэнінг – напісаць збор асабістых правілаў, па якіх жывеш (нормы маральныя, біблійныя, аскетычныя, расклад дня, тыдня і г.д.). Яшчэ іншы трэнінг – апісаць свае адносіны з людзьмі, пачынаючы ад найбольшага дыскамфорту.

  1. Абараняць свае межы

Часта здараецца, што людзі вызначаюць характар адносінаў з іншымі і нават устанаўліваюць межы, але абараніць іх не атрымліваецца. Чаму так дзеіцца? Мы часта чакаем, што іншы чалавек павінен мяне разумець ці здагадацца, што я маю свае межы. Але, як правіла, ён не здагадаецца, яму трэба выразна паказаць свае межы, нейкім чынам назваць іх. Адназначна, што гэта трэба зрабіць спакойна, а не на нервах. Трэба проста растлумачыць. Многія баяцца гэта зрабіць, бо думаюць, што гэта праяўленне бескультур’я, або, што іншыя мяне не пачуюць, або, што стануся “белай варонай”, што з мяне пасмяюцца і г.д. Але ніхто не кажа, што іншы чалавек павінен цябе зразумець. Ты вызначаеш межы найперш для самога сябе. Калі чалавек не зразумеў тваіх межаў дазволенага, ты пачынаеш іх бараніць усялякімі іншымі спосабамі – станоўчасцю, характарам, часам жартамі. Калі нічога не дапамагае, то адносіны на гэтым могуць і скончыцца. Але вельмі важна зразумець, што найперш трэба назваць сабе свае межы, пасля назваць іншаму, а пасля іх абараняць. Калі гэтай паслядоўнасці няма, то мы проста пачынаем злавацца на сябе і на іншых, а гэта не дае ніякіх вынікаў. Іншаму чалавеку трэба называць свае межы, бо ён можа мець зусім іншыя чаканні і спадзяванні адносна цябе і ён мае на гэта права.

Часта можна назіраць заканамернасць, калі людзі нібы правяраюць межы іншых. Часам гэтая праверка даволі лагодная, а часам вельмі брутальная. Чалавек, які не вызначае сваіх межаў і не бароніць іх, збярэ неўзабаве вакол сябе войска тых, хто будзе садзіцца табе на шыю. І праблема не толькі ў гэтых людзях, а найперш у тым, хто не вызначыўся з межамі. Можна нават назіраць, як прыстойныя і добрыя людзі паціху пачынаюць садзіцца на шыю, ну бо проста некаторыя шыі нібы самі просяцца, каб на іх селі.

У псіхалогіі часта лічыцца, што дарослы чалавек, які многія гады жыў без межаў часта не можа іх пабудаваць самастойна і вымагае помачы псіхатэрапеўта (асабіста мне падаецца, што ў Беларусі далёка не кожны псіхатэрапеўт зможа дапамагчы вызначыцца з межамі, таму не трэба, лічу, ідэалізаваць псіхатэрапію і псіхалогію).

Як праверыць, ці парушаюцца нашы межы? Вельмі проста. Трэба задаць сабе пытанне, ці няма такіх людзей, у адносінах з якімі я адчуваю сябе вельмі некамфортна. Калі ёсць такія людзі, то трэба пачаць шукаць прычыну. Не ва ўсіх выпадках, але ў многіх сітуацыях размова пойдзе пра парушаныя межы.

Некаторыя раяць мець набор сваіх “стоп-фразаў” для таго, каб спыніць наступ на тваю тэрыторыю. Напрыклад, на пытанне пра твае заробкі ты мірна адказваеш, што не прывык размаўляць пра гэта з людзьмі. Кожны з нас мае такія стандартныя загатоўкі. Асабіста я даволі хутка дадумваюся што адказаць, маю свае стандартныя адказы. Яны праяўляюцца ў практыцы, яны прыходзяць з жыццёвым вопытам. Камусьці такія “загатоўкі” трэба пачуць ад іншых як добрую ідэю, камусьці трэба прадумаць і запісаць, а пасля вывучыць. [5]

Не парушаць чужых межаў

Некаторыя псіхолагі лічаць, што калі нехта не шануе чужыя межы, то і яго межы, як правіла, таксама будуць парушаныя. Напрыклад, жанчына вырашае з мужчынам нейкую справу і пачынае фліртаваць або пытацца пра штосьці вельмі асабістае. Праз нейкі час мужчына ёй робіць непрыстойную прапанову. Межы парушылі абое, але пачала жанчына, бо мужчына не для таго з ёй сустракаўся, каб пачаць круціць шуры-муры. У такім раскладзе сапраўды прасочваецца заканамернасць, што калі ты не талеруеш межаў іншых, то парушаць таксама і твае.

Але асабіста мне нашмат больш бачыцца іншая тэндэнцыя. Як правіла, парушае чужыя межы той, хто не ўмее бараніць або нават і не ведае сваіх межаў. Гэтую з’яву бачу вельмі часта. І не настолькі важна, чаму ты не ведаеш сваіх межаў – цябе не навучылі бацькі або асяроддзе, цябе вечна выкарыстоўвалі і табой пагарджалі, ты сам пакуль што не ўбачыў значэння тваіх асабістых межаў з той ці іншай прычыны, але факт застаецца фактам – ты не ўмееш бараніць сваіх межаў і таму так лёгка дазваляеш перакрочваць межы іншых. Чалавек, які не ўмее будаваць свае межы, часта не ўмее таксама казаць “не” іншым. Не можа сказаць сам гэтага слова і не разумее іншых, якія яму кажуць “не”. Гэтая хворая сітуацыя дае пачатак многім крыўдам, фізічнай і духоўнай стомленасці, дыпрэсіі, самотнасці, незадавальненню, расчараванню. Часта такія людзі не спраўляюцца з заданнямі, ім не хапае часу, бо яны не сказалі “не” нават на стадыі распазнання працы. Наступствам гвалту над асабістымі межамі могуць быць залежнасці ад ежы, эмацыйныя ці сексуальныя залежнасці.

Нехта трапна сказаў, што эгаізм праяўляецца не тады, калі вы робіце тое, што вам хочацца, а тады, калі вы перакананыя ў тым, што іншыя павінны рабіць тое, што вам хочацца. Думаю, што гэтае выказванне найбольш трапнае, бо пры парушэнні чужых межаў намі сапраўды кіруе наш эгаізм.

СФЕРЫ, ДЗЕ ПАРУШАЮЦЦА МЕЖЫ

У псіхалогіі часта адрозніваюць чатыры сферы:

Падрабязнасці твайго прыватнага жыцця. Часта людзі пытаюцца пра нашыя розныя справы, але менавіта тут і адбываецца парушэнне межаў. Псіхолагі раяць найперш адказаць самому сабе, ці мой суразмоўца сапраўды перажывае за мяне, ці зацікаўлены па-сяброўску. Некаторыя жанчыны, напрыклад, пытаюцца пра штосьці асабістае дзеля таго, каб пацешыць сябе, што ў яе самой не ўсё так і кепска. А нехта цішком проста радуецца твайму гору, бо ім кіруе зайздрасць або рэўнасць. Думаецца, найперш трэба задаць пытанне самому сабе, ці я хачу распавядаць пра сябе, ці мяне проста нібы прымушаюць? Мне складана расказваць пра сябе, альбо я раблю гэта з радасцю і лёгкасцю? Напрыклад, на пытанне, куды я еду і калі вяртаюся, камусьці я адказваю нават не задумваючыся, а ў іншым выпадку мне хочацца, каб мне такіх пытанняў не задавалі. Думаю, што гэта выразны знак парушаных межаў. Гэта могуць быць пытанні накшталт: куды едзеш? з кім? калі вяртаешся? колькі зарабляеш? што з мужам? што з дзецьмі? да каго хадзіў у госці? з кім ты размаўляў па тэлефоне? Такіх пытанняў шмат. Сюды таксама можна аднесці і духоўную сферу. Што праўда, людзі, як правіла, не пытаюцца пра твае асабістыя адносіны з Богам. Хутчэй, мы самі думаем, ці варта распавядаць пра іх камусьці, самі шукаем тут межы. [6]

Рэзкі пераход да блізкіх адносінаў. Сёння гэта проста і часта адбываецца. Напрыклад, дарослыя людзі не паспелі пазнаёміцца, а ўжо перайшлі на “ты”, сталі лёгка абдымацца ці нават цалавацца, знаёміцца з лепшымі сябрамі, селі за шыкоўны стол ці выпілі, некаторыя нават разам пайшлі ў лазню (не кажу тут пра блуд) і г.д. Паспрабуем звярнуць увагу на распаўсюджаны пераход да блізкіх адносінаў:

Зварот на “ты”. Гэты нюанс датычыць славянскай культуры, дзе ў мове ёсць адрозненне “ты” – “вы”, або іншы займеннік. Такога нюансу, падаецца, не адчуюць культуры англамоўныя. Пра што ідзе размова? Напрыклад, некаторыя дзяўчаты выраслі з хлопцамі, якія сталі святарамі. Як па мне, то само сабой павінна ўзнікнуць пытанне, кім ён для мяне цяпер павінен быць. Ці перада мной усё той жа Коля, Міша, Вася, ці святар? У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне часам неабходна нават пераходзіць на “вы” або падобную форму адносінаў. На жаль, мне давялося бачыць некалькі гісторый, дзе дзяўчына тая ці іншая, ведаючы многіх святароў і будучы з імі ў добрых сяброўскіх адносінах, у выніку не ведала, дзе спавядацца і ў каго шукаць духоўнай парады. Проста трэба было раней задаць пытанне: ён для мяне так і застаўся пацаном ці стаў святаром? У залежнасці ад гэтага пытання будуюцца межы. Асабіста для мяне было некалі важным крокам, калі мой духоўны настаўнік і адначасна сябра прапанаваў звяртацца да яго на “ты”. З аднаго боку гэта было нібы і міла, нібы паглыбленне сяброўскіх адносінаў, але, памятаю, я спрабаваў адказаць тады сабе, ці гэтая перамена не прынясе шкоды нашым духоўным адносінам, бо апошняе было для мяне нашмат важней. [7]

Абдымкі і сэксуальнасць. Адзін псіхолаг рабіў вельмі просты трэнінг у групе. Падыходзіў да кожнага ўдзельніка ўсё бліжэй і бліжэй, каб кожны адчуў наяўнасць сваіх межаў. Сексуолагі кажуць пра інтымныя кропкі дотыку (вуха, вены на руцэ). Некалі я бачыў плакат фізічных межаў (0,5 м – інтымная сфера, 1 м – асабістая, да 7 м – групавая, а пасля сацыяльная). Часам цёплае прывітанне і абдымкі выглядаюць вельмі натуральна, тут няма  межаў і не трэба асабліва перажываць, а часам нехта ўспрымае гэта вельмі балюча, адчувае сябе параненым і прыніжаным, а нехта ўвогуле зразумее гэты жэст як закаханасць, прывязанасць.

Дом. У манаскіх супольнасцях ёсць паняцце кляўзуры. Гэта частка кляштару, куды могуць заходзіць толькі манахі. У свjй час Бог паказваў мне, што гэта аддзяленне важнае ў духоўнай сферы, і я ў гэтым ні кроплі не сумняваюся. Але такая “кляўзура” павінна быць і ў сем’ях. Тут таксама тэрыторыя межаў. Гэта абсалютна нармальна, што ў дом, дзе ты жывеш, не можа зайсці першы сустрэчны, а толькі той, каго ты згаджаешся ўпусціць. Гэта нармальна, калі жонка (або муж) пытаецца ў сужонка ці ён не супраць, калі яна прывядзе ў дом гасцей. Гэты дом не можа стаць “сметніцай”. Трэба адказна падыходзіць да таго, якія тут стаяць кнігі, якія вісяць карціны, сувеніры і г.д. Думаю, што многія пагодзяцца, што мы нават маем стадыі ўваходу ў наш дом – вітальня, кухня, зала…

Застолле, алкаголь. У Бібліі ёсць яскравая гісторыя, як на чалавека ўплывае застолле, вясёлая кампанія, алкаголь і г.д. Так царыца Эстэр запрасіла на пір караля, а калі ён злагоднеў настолькі, што гатовы быў аддаць ёй палову свайго каралеўства, яна папрасіла помсты над ворагам яе народа. Падобная гісторыя адбылася з Ірадам і Ірадыядай. У гэтых гісторыях не ідзе гаворка пра тое, што цары напіліся да бяспамяцтва і не адказвалі за свае рашэнні. Не. Гаворка ў іх пра тое, што алкаголь, застолле і добрая кампанія знішчаюць межы паміж людзьмі. Толькі добра спіты чалавек не звяртае ўвагі, дзе і з кім ён будзе выпіваць. Іншыя ж, як правіла, задумаюцца, ці з гэтым чалавекам можна сесці за стол і што з ім можна піць. Алкаголь і застолле – гэта тэрыторыя асабістых межаў. Даводзілася назіраць за сітуацыямі, калі разумныя і мудрыя людзі не маглі прыняць суровага рашэння ў адносінах да нейкага чалавека толькі з той прычыны, што ён некалі іх “багата” пачаставаў.

Закаханасць і прывязанасць. Ідзе размова пра тое, што адносіны заўсёды павінны быць узаемнымі. Часам пра гэта гаворыцца, а часам проста адчуваецца, становіцца бачным, натуральным і г.д. Парушэнне межаў пачынаецца тады, калі адзін бок закаханы і пачынае дабівацца іншага чалавека (не кажу пра блуд). Праяўляецца гэта ў патрабаванні сустрэцца, паразмаўляць, абняцца, правесці дадому, стэлефанавацца і г.д. Калі іншы чалавек не мае на ўсё гэта ўнутранай згоды, то адбываецца гвалт на яго асабістых межах і г.зв. Дон Жуан пачынае станавіцца маньякам. Гэта можа адбывацца з розных прычынаў. Нехта не гатовы да такіх адносінаў, нехта мае іншыя планы адносна свайго жыцця, нехта мае асабістыя раны, а некаму іншы проста непрыемны (знешнасцю, характарам, паводзінамі і г.д.). Так ці інакш, узаемныя адносіны будуюцца ў свабодзе, а яе тут няма. Замест свабоды маем гнёт і парушэнне межаў. [8]

Бескарысная дапамога. Некаторыя псіхолагі паказваюць, што калі мы так альбо інакш дапамагаем некаму і не кантралюем гэтага працэсу, то часта крок за крокам пачынаем уваходзіць на недазволеную нам тэрыторыю. Зразумела, што трэба дапамагаць іншым бескарысна, але псіхолагі паказваюць тут межы. Думаю, што тут нам згадваецца і тэма сузалежнасці (жаданне ратаваць), і правіла “хто плоціць, той і музыку заказвае”.

а. Аляксандр Жарнасек МІС, viartannie.org [9]

(Працяг тэмы плануецца на наступным “Вінаградніку”…)