Месца, адкуль відаць Таямніцу

033515968Калі спытаць: «Чаго вы хочаце ад жыцця?», — многія адкажуць нешта накшталт: «Хачу быць шчаслівым, мець дружную сям’ю і крутую працу». Іншымі словамі, не адкажуць нічога. А ёсць іншае цікавае пытанне, над якім мы, магчыма, раней не задумваліся: «Які боль у жыцці я хачу? За што я гатовы змагацца і пакутаваць?» Адказ на яго — куды больш значны паказчык таго, як складзецца ў выніку жыццё.

У часе Вялікага посту мы звяртаем сваю ўвагу на пакуты Божага Сына Ісуса Хрыста. Гэта чалавек, Які дабравольна абраў цярпенні і боль, змагаўся і пакутаваў за штосьці, што лічыў важным і вартым таго, каб аддаць за гэта нават сваё жыццё. У гісторыі мы ведаем прыклады людзей, якія адмаўляліся ад многіх рэчаў ці аддавалі свае жыцці за штосьці важнае на іх думку. Філосафы пакутавалі за свае ідэі, героі паміралі за свае дзяржавы, бацькі ахвяравалі сабой за сваіх дзяцей і г.д. Некаторыя з гэтых учынкаў мы лічым гераічнымі, іншыя магчыма фанатычнымі, нават злачыннымі. Можа выглядаць, што і ахвяра чалавека Ісуса з Галілеі была адной з шэрагу многіх ахвяраў.

Аднак у адрозненне ад іншых, ахвяра Ісуса з Галілеі была бязмежнай і незраўнанай. Ахвяры іншых людзей паходзілі з іх бездапаможнасці і слабасці. Ахвяра Ісуса з Галілеі – з усемагутнасці і велічы. “Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш, чым дванаццаць легіёнаў анёлаў? Але як жа тады здзейсніцца Пісанне, што так мусіць стацца?» (Мц. 26, 53-54). Ён, “маючы пастаць Божую, не лічыў сваім здабыткам роўнасць з Богам, але панізіў самога сябе, прымаючы постаць слугі і стаўшыся на падобнасць людзей; упакорыў самога сябе, стаўшыся паслухмяным ажно да смерці, і то смерці крыжовай” (Плп. 2, 6-8).

Ісус пайшоў на ахвяру ў значна большай ступені свядома і дабравольна, чым любы іншы чалавек. І ахвяра Яго была дзеля значна важнейшай рэчы, чым ахвяры іншых. Яго пакуты і смерць адбыліся дзеля збаўлення чалавецтва, дзеля вяртання кожнага з жывых, памерлых і яшчэ ненароджаных у Божае Валадарства. І гэтая ахвяра ні ў якім разе не магла быць бясплённай і безвыніковай.

У сучасным свеце мы безумоўна бачым рэчы, якія нібыта супярэчаць збаўленню, здзейсненаму ахвярай Ісуса Хрыста. Быццам Хрыстос і не паміраў, быццам Яго смерць нічога не змяніла. Свет і людзі далей застаюцца ў граху, далей паводзяць сябе, як ворагі Бога. Так выглядае на чалавечы погляд. Аднак Божая праўда іншая. “Мае думкі — не вашыя думкі, вашыя шляхі — не Мае шляхі”, — кажа Госпад, — “але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя” (Іс. 55, 8-9).

Таямніца, якая нам незразумелая і ад нас прыхаваная, недаступная нам толькі таму, што мы стаім і глядзім не з таго боку. Каб зразумець і пабачыць праўду, нам трэба стаць з боку Хрыста і паглядзець на рэчаіснасць адтуль. “Калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой ды ідзе за Мною” (Мк. 8, 34). Толькі з гэтага боку нам адкрыецца сакрэт Таямніцы, “каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, умацаваныя і спасіленыя любоўю, разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, а таксама пазнаць любоў Хрыстову, што перавышае ўсю веду, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Божаю” (Эф. 3, 17-19).

Вялікі пост гэта нагода і запрашэнне паспрабаваць перайсці на бок Хрыста і Яго Крыжа, каб стаць у святле Яго ахвяры і пабачыць праўду, што чалавецтва сапраўды збаўленае. Але яе, гэтую праўду, немагчыма паведаміць, немагчыма апісаць рацыянальна, яе можна толькі ўбачыць унутранымі вачыма, стаўшы побач з Хрыстом у Яго пакутах, кожнаму асабіста.

а. Зміцер Чарнельcssr.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі