Мексіка: хворая на COVID-19 жанчына прыступіла да Першай Святой Камуніі

«Наведваючы ў канцы чэрвеня пацыентаў у Мексіканскім шпіталі ў Халіска, а. Хасэ Луіс пазнаёміўся з хворай жанчынай, якая пажадала прыступіць да Першай Святой Камуніі. Прыняўшы яе споведзь, святар вырашыў выканаць гэтую просьбу. «Гэта цудоўнае перажыванне, бальзам любові для хворых».

Такімі словамі мексіканскі святар Хасэ Луіс Гансалес Сантаскай апісаў на Фэйсбуку тое, што адбылося пад канец чэрвеня ў шпіталі ў Халіска (Мексіка). Ён удзяліў Першую Камунію пажылой жанчыне, якая хварэе каранавірусам. Гэта падзея распаліла яго сэрца ў той час, калі свет вакол быў нібы паралізаваны пандэміяй.

«Некалькі тыдняў таму, наведваючы з групай святароў пацыентаў бальніцы ў Халіска, я апынуўся ў аддзяленні, дзе знаходзіліся хворыя на каранавірус. Там я пазнаёміўся з пажылой жанчынай, якой прапанаваў споведзь. Яна адказала, што не можа гэтага зрабіць, паколькі па розных прычынах так і не прыступіла да першай камуніі, але вельмі хоча гэта зрабіць», — распавёў  а. Хасэ Луіс журналісту газеты «Desde la Fe».

Пасля кароткай размовы з пацыенткай святар прызнаў, што яе імкненне шчырае і глыбокае. Таму яны разам вырашылі, што ён вернецца ў шпіталь праз некалькі дзён, каб жанчына магла прыняць Першую Камунію. Фотаздымкі гэтага дня, якія айцец Луіс размясціў у сацыяльнай сетцы Фэйсбук, цалкам красамоўныя. Сам святар дадае: «Пасля камуніі мы пэўны час размаўлялі. А потым жанчына мне сказала: «Ойча, я адчуваю сябе такой спакойнай, што прыняла Хрыста ў сэрца».

Гэта сапраўды кранальнае сведчанне сілы гэтага сакраманту і той надзеі, якую ён нараджае ў кожным сэрцы.

pl.aleteia.org

для друку для друку