Маёвая сустрэча святароў і манахінь Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў “беларускім Версалі”

Спатканне адбылося ў чацвер, 17 мая, у парафіі святой Ганны ў Мосары (Шаркаўшчынскі дэканат).

Сустрэча распачалася малітвай з Літургіі гадзін і асабістай адарацыяй у цішыні перад Езусам у Найсвяцейшым Сакраманце. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.  Віцебскі ардынарый маліўся і прасіў аб дарах Духа Святога, каб умацоўваў святароў быць сведкамі ўваскрасення Хрыста там, дзе іх паставіў, каб іншым людзям дапамагалі знаходзіць шлях да Бога, да ўласнага збаўлення. Іерарх таксама ўзгадаў спачылага пробашча кс. Юзафа Бульку, яго шматгадовую працу ў Мосары і заклікаў не абмінуць магілу святара і затрымацца на малітве.

З гаміліяй да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся кс. Антон Лагунёнак, пробашч з Канстанцінава, які звярнуў увагу на тэму еднасці: «Сённяшні ўрывак з першасвятарскай малітвы Хрыста, якая адбываецца перад крыжовай смерцю, ёсць малітвай еднасці, якая ахоплівае ўвесь Касцёл, кожнага верніка. “Каб мы былі адно!” — урывак датычыцца не толькі ксяндзоў, але і кожную духоўную асобу, якая паклікана служыць Касцёлу».

Святар разважаў над той еднасцю, якая ёсць у дыяцэзіяльнай супольнасці, дзе таксама ёсць недахопы. І заклікаў прысутных звярнуць увагу, да чаго прыводзіць недахоп гэтай еднасці. Калі яе няма, то ёсць д’ябал, які карыстаецца, каб гэта раздзяляць.

Святарская еднасць – гэта духоўная лучнасць, якая праяўляецца ў малітве і духоўнай апецы над кожным з нас. Малітва за святароў – гэта не толькі справа законных сясцёр або родных і блізкіх духоўнай асобы, але і справа саміх святароў. У гэтым праяўляецца духоўная еднасць.

Кс. Антон заклікаў паразважаць над тым, што робіць моцным нашу дыяцэзіяльную супольнасць. “Божая любоў – фундамент нашай супольнасці. Дзе я: у Божых руках, якія будуюць супольнасць, ці ў руках д’ябла, якія руйнуюць?”

Пасля Літургіі адбылася канферэнцыя, якую прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі езуіт Станіслаў Памыкала. Святар паразважаў над айцоўствам святароў. Менавіта айцоўства, а не бацькоўства. “Можна будаваць касцёлы, быць добрымі арганізатарамі розных мерапрыемстваў, пробашчам ці прэлатам, але калі не ўмеем быць айцамі для сваіх парафіян, то не з’яўляемся святарамі ў тым глыбокім духоўным сэнсе”.

З навінамі і бліжэйшымі анонсамі ў дыяцэзіі прысутных пазнаёміў канцлер курыі кс. Віктар Місевіч.

Дзякуючы прысутнасці выдавецтваў “Pro Christo” і “Дыялог” святары і манахіні змаглі набыць дыдактычныя матэрыялы, неабходную духоўную літаратуру для сваіх парафіяльных супольнасцей.

Наступная сустрэча святароў пройдзе ў віцебскай катэдры 2 чэрвеня. У гэты дзень адбудзецца працэсія Божага Цела па вуліцах Віцебска.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку