“Маёўка” моладзі прайшла ў Глыбокім

8 мая ў Глыбокім пад такой назвай прайшла міжпарафіяльная сустрэча моладзі, якая сабрала паўсотні маладых людзей не толькі з Глыбоцкага дэканату, але і з суседніх Варапаева, Дунілавіч і Браслава.

Хлопцы і дзяўчаты прыехалі, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі, сустрэць сяброў, разам памаліцца і з радасцю правесці вольны час. Спатканне распачалося святой Імшой, якую ўзначаліў кс. Антон Лагунёнак, пробашч з Канстанцінава, у інтэнцыі моладзі.

Тэма сумлення стала ключавой падчас гаміліі, якую прамовіў дк. Алег Хмылко. “Бог даў нам здольнасць слухаць Свой голас і ісці за Ім. З гэтай мэтай Ён адарыў нас сумленнем. Гэта не толькі “датчык граху”, “сігнальная лямпачка”, якая паказвае добры ці дрэнны быў учынак. Гэта месца, дзе больш выразна і асабіста для кожнага з нас гучыць голас Госпада”, — звярнуў увагу дыякан.

Паняцце сумлення было растлумачанае на сучасны лад. Большасць маладых людзей маюць смартфоны, карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі. Колькі раз за дзень мы правяраем свае стужкі, паведамленні ад сяброў? А колькі разоў праглядаем стужку свайго сумлення? Колькі прачыталі паведамленняў ад свайго ўнутранага голасу? Большасць з нас перад уваходам у касцёл яшчэ раз заглядвае на экран свайго тэлефона. А хто глянуў хоць раз на свае ўчынкі перад актам пакуты? Можа варта на малітве, не забыцца зазірнуць у сваю “духоўную паштовую скрыню”. Можа там дзясяткі або сотні непрачытаных паведамленняў ад Езуса. І варта паразмаўляць з Ім у сваім сумленні, паслухаць голас Добрага Пастыра.

Пасля Імшы моладзь праслухала канферэнцыю пра любоў і еднасць на прыкладзе Святой Тройцы. Кс. Антон звярнуў увагу прысутных на адносіны ў супольнасці і з іншым чалавекам, якія павінны будавацца на любові. “Кожны з нас мае сяброў. Сяброўства таксама заснавана на Любові, якой мы павінны навучыцца ў Святой Тройцы. Любоў у сяброўстве павінна быць узаемнай і ахвярнай. Нельга выкарыстоўваць сяброў дзеля пэўных мэтаў, але трэба ахвяраваць сябе і свой час дзеля другога чалавека. Любоў дае імпульс, каб сяброўства існавала”.

Асаблівым чынам і больш падрабязна святар звярнуў увагу на асноўныя рысы сяброўства, якімі з’яўляюцца абмен дарамі, адказнасць за іншага чалавека, узаемная дапамога, удзячнасць іншаму чалавеку і Богу за сябра, дапамога ў рэлігійным выхаванні.

Потым у святыні прадстаўнікі парафій з Браслава, Варапаева і Глыбокага паказалі прэзентацыі. Браслаўчане паказалі сцэнку, што дзеці, моладзь, сярэдняе пакаленне вельмі часта адкладваюць малітву і сустрэчу з Богам на “потым”, лічаць, што ім яшчэ рана пра гэта думаць. А вось у старэйшым узросце часам бывае і запозна.

Моладзь з Варапаева і Дунілавіч паказалі тры сцэнкі. Адна пантаміма пра тое, як трэба дзяліцца сваім досведам веры, другая паказвала, як моладзь вельмі проста можа згубіць сваю нявіннасць. Трэцяя ж сцэнка паказала “рэаліі” падчас увагі на казанні, якое прамаўляе ксёндз на св. Імшы і як сатана ў гэты час спакушае людзей.

Глыбачане паказалі сцэнку пра тое, як грахі чалавека паглынаюць адзін за адным і яму ўжо цяжка самому з гэтых грахоў вырвацца. І тут патрэбна дапамога сябра, які дапаможа стаць на дарогу, якая вядзе да Валадарства Божага.

Дзякуючы надвор’ю, якое паспрыяла спатканню, моладзь перамясцілася з касцёла на вуліцу, дзе магла патанчыць, пагуляць, але таксама і праверыць свае веды ў Біблійнай віктарыны. Варта адзначыць, што самую вялікую колькасць балаў (46 з 50) набрала Яна Барысевіч з Глыбокага.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі