«Мая прафесія вучыць любіць людзей…»

Пакліканне да прафесіі… На сваіх працоўных месцах, за працоўнымі абавязкамі мы праводзім значную частку жыцця. Выбар прафесіі — адзін з самых адказных. Мы выбіраем яе, беручы пад увагу розныя крытэрыі: запатрабаванасць спецыяльнасці, прэстыжнасць, якасць навучання або блізкасць навучальнай установы, камерцыйную паспяховасць прафесіі і, вядома, свае здольнасці і схільнасці. Аднак не заўсёды гэты апошні крытэрый з’яўляецца вызначальным. Ёсць тыя, хто ажыццяўляе свае творчыя памкненні ў хобі, ёсць і тыя, на вялікі жаль, хто назаўжды забываецца пра сваю мару, закопваючы таленты ў зямлю. Аднак існуюць прафесіі, дзе менавіта пакліканне — самая істотная ўмова, і без яго рэалізаваць сябе ў працы немагчыма.

Кацярына Ягела ўжо два гады працуе тэрапеўтам у прыёмным аддзяленні Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы і доктарам хуткай дапамогі. Яна працуе ў начныя змены і ў выходныя дні, калі іншых дактароў у бальніцы няма. Яе задача — прымаць пацыентаў з праблемамі тэрапеўтычнага профілю (хваробы сэрца, лёгкіх, іншых унутраных органаў), аказваць ім першую дапамогу, накіроўваць у патрэбнае бальнічнае аддзяленне, гаспіталізаваць, прызначаць лячэнне. Працуючы ў хуткай дапамозе малады доктар, зразумела, не выбіраючы, едзе туды, адкуль паступіў выклік, — здараюцца і простыя, і вельмі складаныя выпадкі.

Я доўга не магла паразмаўляць з Кацярынаю пра яе пакліканне, бо на дзяжурстве ў дзяўчыны ўвесь вечар і ноч не было ніводнай вольнай хвіліны, каб нават вочы заплюшчыць, — у прыёмнае аддзяленне машыны хуткай дапамогі няспынна прывозілі людзей у цяжкім стане. Патэлефанаваўшы мне ўжо раніцаю, пасля змены, яна, хоць і стомленая, распавяла пра сваю працу. 

«Быць медыкам — гэта самае сапраўднае пакліканне. Тут мала адных ведаў, патрэбна нешта большае. Многія, адпрацаваўшы размеркаванне пасля ВНУ, сыходзяць, не справіўшыся з напружаннем і патрабаваннямі.

Я вырашыла стаць доктарам нечакана для сябе, спачатку збіралася звязаць жыццё з музыкаю, працаваць у музычнай школе і вучыць дзяцей граць на цымбалах. Але перад вачыма ў мяне заўсёды заставаўся прыклад бабулі, якая працавала фельчарам. Мне заўсёды падабалася бываць у яе на працы, глядзець, якая яна добрая, як усім дапамагае. Мне так хацелася быць да яе падобнаю! І з часам стала зразумела, што, хоць музыку я і вельмі люблю, але жаданне ратаваць людзей для мяне важнейшае.

Медыцына для мяне найперш звязаная з магчымасцю дапамагаць, і гэтае жаданне ўнутры не згасае. Я працую доктарам ужо два гады і вельмі шчаслівая, хоць і стамляюся, хоць бывае вельмі складана эмацыйна. Напрыклад, калі а 3-й гадзіне ночы выклікаюць хуткую дапамогу чалавеку, у якога паднялася тэмпература… да 37-мі градусаў, цяжка бывае не раззлавацца.

Тое, што я — хрысціянка, вельмі дапамагае мне ў працы. У медыцыне не ўсё бязвоблачна, напружанасць бывае неімаверная. Людзі не заўжды бываюць зычлівыя да нас, медыкаў, могуць ставіцца нават варожа. Але вера вучыць мяне бачыць ва ўсіх гэтых людзях Хрыста і імкнуцца дапамагчы кожнаму: і алкаголіку, і наркаману, і чалавеку, прывезенаму з турмы. Хрысціянства вучыць ставіцца да людзей лепш, бачыць нават у самых занядбаных з іх нешта добрае, знаходзіць для іх словы суцяшэння і падтрымкі. Можа здавацца, што з яго ўзяць, з гэтага бяздомнага алкаголіка, нават падыходзіць да яго не хочацца, не тое каб абследаваць і аказваць дапамогу. Але ж у першую чаргу гэта — чалавек, і ставіцца да яго трэба як да чалавека.

Ліда — хрысціянскі, каталіцкі горад. Мы з калегамі часта бачым адзін аднаго на святой Імшы. У нашым шпіталі ёсць капліца і капелан, які ўдзяляе намашчэнне хворых і апошняе намашчэнне, спавядае. Бачачы, што чалавек пры смерці, мы заўсёды кажам сваякам пра магчымасць паклікаць да хворага святара. Мне здаецца, цудоўна, што існуе такая магчымасць.

Наогул, хрысціянства навучыла мяне інакш ставіцца да смерці. Медыкі, здараецца, проста не могуць больш нічога зрабіць для пацыента, як бы ні імкнуліся, і найлепшае тады — адпусціць чалавека, зразумець, што скончыўся час, адмераны Богам для ягонага жыцця. Калі памірае мой пацыент і праводзіць рэанімацыю ўжо бессэнсоўна, я даю яму ў рукі свечку і малюся разам з ім або за яго. Раней, калі я яшчэ вучылася ва ўніверсітэце, мне было складана прыняць смерць: як гэта — каб людзі паміралі, гэта ж трагедыя! Мне ўсіх хацелася выратаваць! Цяпер я разумею, што часам важней палегчыць чалавеку пакуты, паразмаўляць з ім і дапамагчы спакойна адысці ў вечнасць, без страху, з думкамі пра Бога, бо там яму будзе добра, там ёсць Айцец, які любіць яго і прабачае яму.

Я вельмі спадзяюся, што мая прафесія ніколі мяне не расчаруе, бо гэта цудоўная прафесія! Яна вучыць любіць людзей гэтак жа, як вучыць хрысціянства. Медыкі — людзі, блізкія да Хрыста. Кожны працоўны дзень я імкнуся пачынаць з малітвы, просячы Бога, каб усё прайшло добра, бо не ўсё ў маіх руках, а дакладней — усё не ў маіх руках. Я імкнуся даверыць Пану Богу ўсё, што я раблю, раздзяліць з Ім адказнасць, спадзеючыся, што Ён заўжды пакіруе мною».

ave-maria.by

для друку для друку