Маскоўскі Патрыярхат назваў перашкоду для сустрэчы Папы і Патрыярха

papa&patriarchПатрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл шануе пазіцыю папы Францішка па многіх праблемах, але для іх сустрэчы існуе перашкода, паведаміў 2 снежня 2014 г. прэс-сакратар кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы дыякан Аляксандр Волкаў.

Ёй, на думку прадстаяцеля, з’яўляюцца дзеянні Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, хоць, як адзначыў прэс-сакратар, погляд Пантыфіка на сітуацыю ў сучаснай Украіне шмат у чым супадае з пазіцыяй Рускай Праваслаўнай Царквы. “Сама па сабе тэма сустрэчы стаіць на парадку дня адносін дзвюх Цэркваў. Свяцейшы Патрыярх Кірыл высока шануе ўзважаную і сапраўды хрысціянскую пазіцыю папы Францішка па розных праблемах сучаснага грамадства. І ў гэтым сэнсе нашы Царквы з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі ў справе сведчання свету пра хрысціянскія каштоўнасці”, — пракаментаваў дыякан, якога цытуе “РИА-новости”, словы Пантыфіка.

Трэба нагадаць, што Францішак некалькі дзён таму, падчас вяртання з Турцыі, заявіў аб жаданні сустрэцца з патрыярхам Кірылам.

Па словах дыякана, ствараць спрыяльныя ўмовы для падтрымання паўнавартаснага дыялогу паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, у тым ліку і ў кантэксце сустрэчы Папы і Патрыярха, будзе зніжэнне ўцягнутасці Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы ў палітычны канфлікт ва Украіне.

У сваю чаргу, кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук, неаднаразова заяўляў, што грэка-католікі не дазволяць уцягнуць сябе ў палітычную барацьбу ва Украіне, але будуць падтрымліваць свой народ у яго справядлівых памкненнях.

Ватыканскае радыё

для друку для друку