У канверце аказаліся апошнія нумары афіцыйнага выдання РПЦ.
Нечаканае паштовае адпраўленне прыйшло на адрас гомельскай рыма-каталіцкай парафіі, а канкрэтна – на імя рэдактара сайта Katolik.life. Бандэроль паступіла з Маскоўскай Патрыярхіі Рускай праваслаўнай царквы. Унутры былі чатыры апошнія нумары часопіса Маскоўскай Патрыярхіі – афіцыйнага выдання РПЦ.
Суправаджальнай запіскі або якіх-небудзь іншых тлумачэнняў у канверце не было, таму мэта дадзенага падарунку гомельскім католікам ад Маскоўскай Патрыярхіі застаецца загадкай. У любым выпадку дзякуем за пасылку – з цікавасцю азнаёміліся з выданнем.
Часопіс выходзіць з 1931 года, яго цяперашні наклад – 25 тысяч асобнікаў. Тых, хто жадае азнаёміцца з апошнімі нумарамі выдання, рэдакцыя Katolik.life запрашае пакідаць паведамленні ў каментарах.
