Марыя заўсёды на баку чалавека

Май – найпрыгажэйшы з усіх месяцаў, бо гэта месяц першых кветак і свежай зеляніны. Гэта час, калі ўсё абуджаецца да жыцця, нанова адраджаецца. Менавіта гэты месяц нашы продкі аддалі Маці Божай, якая прысутнічае на світанку нашага Адкуплення.

Праз Яе да нас прыйшоў Хрыстус, каб з дапамогай Яе пасрэдніцтва спаслаць на нас патрэбныя ласкі.

Яна, будучы Маці Езуса Хрыста, Уцелаўлёнага Сына Божага, з’яўляецца таксама Маці ўсіх з’яднаных з Ім – Маці Яго Касцёла.

Святы Ян Павел ІІ, 100-годдзе нараджэння якога мы будзем адзначаць у гэтым месяцы, падкрэсліваў: “Плён Яе жыцця выспеў пад Крыжам, дзе па-чалавечы трагічным чынам аб’явілася праўда, што Бог ёсць Любоў. У духу гэтай Божай любові, паслухмяная закліку Сына, Марыя прыняла ў апостале Яну нас усіх як сваіх дзяцей”.

Найсвяцейшая Панна Марыя вызваляе нас ад незлічоных небяспек, якіх мы самі не здолелі б пазбегнуць. Яна ахвяруе нам усё, што “захавала ў сваім сэрцы”.

У Марыі мы знаходзім першы знак надзеі. Да Яе звяртаемся, калі адчуваем сябе згубленымі, калі хочам выпрастаць кірунак жыцця, а таксама калі гасне вера ў нашых сэрцах. Заклікаем Яе заступніцтва, калі перажываем драму самотнасці, ізаляцыі і пакінутасці зараз у сувязі з пандэміяй каранавірусу. Яна “моцная надзея збаўлення”, якая вядзе сярод жыццёвых нягодаў.

Сёлетні май не такі, як было звычайна, ён зусім іншы. Ён нібы ёсць, і адначасова яго як быццам няма. Усё квітнее, пахне, але не радуе, бо нельга нічога нармальна спланаваць.

Не адбудуцца традыцыйныя ўрачыстасці Першай святой Камуніі ў нашых парафіях, а маладыя людзі не будуць мець магчымасці ўмацаваць сваю веру праз прыняцце сакрамэнту канфірмацыі. Усё гэта адбудзецца ў крыху пазнейшы час…

У нашых святынях значна менш людзей, менш старых, адданых жанчын, якія баранілі Божае і святое. Не ўсе будуць мець магчымасць, каб у гэты час штодзённа збірацца ў нашых святынях ці прыдарожных каплічках, прамаўляючы ці спяваючы Ларэтанскую літанію.

Некаторыя застануцца ў сваіх “хатніх касцёлах”. Там таксама будзе магчымасць, а нават кожны мае права, каб углядацца з верай і надзеяй у Маці Бога і нашу, аддаючы Ёй пашану. Кожны мае права вызнаваць сыноўскую любоў, вучыцца ад Яе прыгожаму ладу жыцця і прасіць Яе апекі. Кожны мае права, каб “узяць Яе да сябе”.

Мы пастаянна жывём у свядомасці, што Марыя бяспечна правядзе кожнага, хто Ёй давярае, праз зямную пілігрымку да вечнай Айчыны.

Марыя настолькі моцная, што можа заўсёды нас падтрымліваць, і настолькі чулая, каб заўсёды атачаць нас любоўю. Яна патрабуе толькі таго, каб мы Яе з даверам заклікалі.

Падчас сёлетняга мая, зусім іншага, бо перажыванага ў ценю пандэміі каранавірусу, будзем прасіць Ларэтанскай літаніяй Найсвяцейшую Панну Марыю, бо Яна заўсёды на баку чалавека!

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку