«Маргарыткі» сабраліся ў Удзеле на агульнадыяцэзіяльную сустрэчу з біскупам Алегам Буткевічам

У суботу, 11 жніўня, упершыню адбылося агульнадыяцэзіяльнае спатканне ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». Сустрэча прайшла ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовая малітва распачалі гэта час прабывання разам. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый маліўся ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў малітоўнага руху «Маргарытка» і за ўсіх пакліканых да Божай службы, за каго яны створаны.

“Вы ахвяравалі частку свайго жыцця, свайго сэрца малітве за святароў. Гэта вельмі важная рэч. Ад імя ўсіх тых, хто прабывае ў вашых інтэнцыях, складаю падзяку і дзякую Пану Богу, што натхніў вас на гэтую вельмі важную Божую справу, – падзякаваў іерарх і заклікаў да далейшай малітвы. — Бо без малітвы чалавек застаецца слабы. Каго Бог кліча ісці Сваім шляхам найбольш патрабуе дапамогі, падтрымкі і малітвы. Гэта вялікая моц, якую вы сваёй малітвай удзяляеце тым, каго Бог ставіць на падсвечніку, каб свяціць Божай ласкай.”

“Маргарытак” у Віцебскай дыяцэзіі ёсць шмат. На першае спатканне прыбыла толькі некаторая іх частка. Біскуп Алег падзяліўся, што з самай раніцы для яго быў вельмі бачны знак, што тут павінна адбыцца Божая справа, бо яшчэ з учарашняга дня ўзніклі перашкоды і нават мясцовыя айцы-францішкане захварэлі і знаходзяцца ў шпіталях. “Злы дух розным спосабам спрабуе выбіць чалавеку жаданне малітвы. Але гэта добры знак, што павінна адбыцца штосьці вельмі важнае. Перад усім падтрымка тых, хто пажадаў зрабіць вельмі важны крок — прысвяціць свой час малітве за пакліканых. Жывём у тым свеце, які цалкам не спрыяе духоўнасці чалавека. Мы маем магчымасць захаваць тое добрае, што не было знішчана і адрадзіць гэта. Таму злы дух бунтуецца, што мае перашкоду. Там дзе есць малітва, там есць Бог.(…) Кожны хрысціянін мае ўладу над злым духам, трэба толькі яе выкарыстоўваць. Гэтая ўлада перад усім павінна праяўляцца ў праслаўленні Бога, злы дух не можа знесці хвалы Божай. Таму гэта малітва для нас есць паратункам”

Далей іерарх паразважаў над формай малітвай, яе практыкай і “эфектыўнасцю”, над паглыбленнем сваёй сувязі з Богам.

На заканчэнне Імшы вернікі з Шаркаўшчыны падзякавалі біскупу Алегу за гэту сустрэчу, за магчымасць спаткацца і разам памаліцца.

“Гэта сапраўды вялікая ласка. Будуць перашкоды і знешнія і ўнутраныя. Няхай Бог дае вытрымку на гэтай дарозе, бо разам з вамі можам дайсці да Божага Валадарства. Ніколі не трацьце надзеі, не трапляйце ў роспач, — падтрымаў біскуп Алег і заклікаў памятаць, што Пан Бог чувае ў вашых інтэнцыях.

Пасля малітоўнай часткі ўсе чальцы руху змаглі падсілкавацца і паразмаўляць, а затым наведалі музей св. Максіміліяна Кольбэ і “Батлейку”.

На развітанне біскуп Алег выказаў надзею, што гэтыя сустрэчы павінны стаць добрай традыцыяй.

З гісторыі. Назва малітоўнага руху «Маргарытка» паходзіць ад імя незвычайнай асобы Маргарэт О’Донэл. Ва ўзросце 13 год яна захварэла на палеамеліт і наступныя 27 год свайго жыцця правяла ў нерухомасці. Хваробу сваю прыняла як пакліканне да малітвы. Яна пачала маліцца і ахвяраваць свае пакуты за ўсіх, хто да яе звяртаўся.

Кожная «Маргарытка» складаецца з 7 асоб, якія ў вызначаны дзень тыдня моляцца ў інтэнцыі выбранага імі канкрэтнага святара альбо манахіні.

Сімвалам малітоўнага руху з’яўляецца маленькая палявая кветачка-рамонак, якая азначае самаахвярнасць, прастату і адзінства. Самае галоўнае, што Маці Божая падчас аб’яўленняў ў Меджугор’і неаднаразова са слязамі на вачах заклікала маліцца за святароў і заклікала іх саміх больш верыць і штодзенна маліцца на Ружанцы. Маці Найсвяцейшая прагне, каб для кожнага святара знайшлося месца ў сэрцах вернікаў, у іх штодзённай малітве, такім чынам, набываючы неабходную духоўную абарону.

У руху «Маргарытка» ўсё павінна быць простым і шчырым: той хто, свядома ўключыўся ў гэтую форму апекі, ахвяруе на працягу свайго жыцця адзін дзень у тыдзень у інтэнцыі выбранага святара альбо законнай сястры, асабліва памятаючы пра гадавіну святарскіх пасвячэнняў альбо законных шлюбаў.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку