Мар’іна Горка: удзельнікі парафіяльнага вакальна-харэаграфічнага гурта «Пухавіцкія перлінкі» зладзілі Батлейку

Batlejka na Marinaj Gorcu03Хіба кожны згадзіцца з тым, што няма свята больш прыгожага, светлага, радаснага і чаканага, чым свята Божага Нараджэння! У гэты час шмат віншаванняў чуем з вуснаў родных, знаёмых і сяброў, i самi гаворым самыя добрыя шчырыя словы, складаючы найлепшыя пажаданні.

Таксама ў гэты час, перажываючы цуд Божага Нараджэння, зноў і зноў аддаём свае сэрцы і сябе саміх у падарунак Збаўцу.

27 снежня ў касцёле святога Антонiя, што ў Мар’інай Горцы, пасля ўрачыстай святой Імшы, адбылася пастаноўка аб нараджэнні Дзіцятка Езуса. Яна была выканана хлопчыкамі і дзяўчынкамі, удзельнікамі парафіяльнага вакальна-харэаграфічнага гурта «Пухавіцкія перлінкі».

Шчырасць артыстаў і іх цудоўная гульня заслужылі доўгія і бурныя апладысменты. Выступленне
было арганізавана ў рамках дабрачыннай акцыі па збору сродкаў на рэабілітацыю сястры Ігнацыі з Маладзечна .

Чакаючы ў гэтыя светлыя дні цуду, дзеці дапамагаючы іншым, самі адчулі сябе трошачкі «святымі Мікалаямі».

Batlejka na Marinaj Gorcu06

А яшчэ неспадзявана для ўсіх прысутных, акурат ў гэты дзень, у касцёл пажадаў завітаць сам святы Мікалай!

Batlejka na Marinaj Gorcu05

Малыя вернікі добра памяталі яго леташні візіт, бо ім тады пашчасціла пакатацца на сапраўднай карэце святога і нават пакарміць з рук яго коніка. Сёлета доўгачаканы госць прыбыў у парафію на яшчэ больш незвычайным транспарце.

Адсутнасць снега і цёплае надвор’е паспрыяла таму, што святы Мікалай прыехаў на рэтро-матацыкле ЯВА 250!

Пасля прыбыцця святога Мікалая ўжо ўсе сабраныя у касцёле дзеці ўзнёсла чыталі хрысціянскія вершы, гралі на музычных інструментах, танчылі і спявалі.

Batlejka na Marinaj Gorcu08
На сустрэчы прысутнічала амаль 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці атрымалі магчымасць паверыць у цуд, а святы Мікалай з задавальненнем вадзіў з імі карагоды, удзельнічаў у гульнях, слухаў вершы і малітвы.

Batlejka na Marinaj Gorcu07

Напрыканцы сустрэчы святы Мікалай дазволіў мясцоваму пробашчу пакатаць усіх жадаючых на
сваім прыгожым рэтро-матацыкле.

Batlejka na Marinaj Gorcu09

Перад ад’ездам шаноўны госць шчыра падзякаваў усім, як артыстам, так і гледачам, яшчэ раз павіншаваў усіх вернікаў з вялікім і радасным святам Божага Нараджэння, пажадаў усім моцнай і сапраўднай веры, душэўнага супакою, радасці, здароўя, дабрабыту і згоды ў сем’ях.

«Няхай Нованароджаны Збаўца запаліць у Вашых сэрцах святло любові і міласэрнасці», — звярнуўся ён да парафіянаў, паабяцаўшы, што ў наступным годзе завітае ізноў гэтак жа неспадзявана.

Сняжана Буцук, катэхэтка парафіі св. Антонія

для друку для друку