Манахіні з розных краін свету спяваюць па-беларуску (+відэа)

На днях, 5 верасня, у Каталіцкім касуёле адзначалі дзень памяці святой Маці Тэрэзы. Сотні сясцёр яе ордэна цяпер служаць у многіх краінах па ўсім свеце. У тым ліку — і ў Беларусі. Адзіны ў краіне Дом міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы знаходзіцца ў Гомелі, дзе яны служаць ужо больш за 25 гадоў.

У ордэне ёсць правіла — законніцы не знаходзяцца ў адной краіне пастаянна. Некалькі гадоў — і кожную сястру чакае новая краіна. А гэта значыць — новая мова. Паміж сабой манахіні размаўляюць па-ангельску, але абавязкова вучаць і мову краіны знаходжання.

Тым, хто трапляе ў Беларусь, даводзіцца вывучаць адразу дзве мовы. На рускай яны размаўляюць з тымі, каму дапамагаюць, з уладамі, з мясцовымі вернікамі, а на беларускай — моляцца падчас святой Імшы ў каталіцкім храме.

Зараз у Гомелі служаць сёстры з Індыі, Філіпін і Польшчы. У касцёле яны спяваюць гучней за ўсіх, у тым ліку — па-беларуску. Цікава, як беларускія песні гучаць з індыйскімі ноткамі?

Katolik.life

для друку для друку