Манах-францысканец стаў «лепшым настаўнікам у свеце»

Манах-францысканец Пітэр Табічы на цырымоніі ў Дубаі атрымаў прэмію ў 1 мільён долараў як «лепшы настаўнік у свеце», паведамляе РИА Новости са спасылкай на афіцыйную прэс-службу Дубая Dubai Media Office.

Дабрачынны фонд індыйскага бізнэсмэна Санні Варкея ўручае прэмію «лепшаму настаўніку ў свеце» пачынаючы з 2015 года. У гэтым годзе на яе было пададзена 10 тысяч заявак з 179 краін.

Трыццацішасцігадовы Пітэр Табічы з’яўляецца настаўнікам натуральных навук у сельскай сярэдняй школе ў Кеніі. Па словах арганізатараў прэміі, на ўсю школу, у якой працуе пераможца конкурсу, ёсць толькі адзін камп’ютар, і на аднаго настаўніка прыпадае 58 вучняў.

Таксама Табічы вядомы тым, што аддае большую частку свайго заробку на дапамогу бедным.

Прэмія фонду Санні Варкея ўручаецца пад патранажам віцэ-прэзідэнта і прэм’ер-міністра ААЭ, кіраўніка Дубая шэйха Мухамеда бен Рашыда Аль Мактума. Бізнэсмэн індыйскага паходжання Санні Варкей заснаваў найбуйнейшую на Блізкім Усходзе сетку прыватных дзіцячых садоў і школ GEMS Education.

Рускатолик.рф

Фота: © Government of Dubai

для друку для друку