Малітвай у Браславе распачнецца адкрыццё археалагічных раскопак на востраве Манастыр

Сёння, 1 жніўня а 15 гадзіне ў Браслаўскім касцёле сумеснай малітвай біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча і Кіраўніка Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыта Сяргея Гаека распачнецца ўрачыстае адкрыццё археалагічных раскопак на востраве Манастыр, што ў возеры Неспіш каля Браслава.

Вядома, што каля 70 валанцёраў выказалі жаданне прыняць удзел у раскопках скляпоў манастыра, вядомага з 1500-х гадоў. Канчатковая мэта праекта, як сцвярджае яго кіраўнік Алёна Шэўчык — аднавіць манастыр і мост з берага на востраў. Гэтае месца плануецца ператварыць у гісторыка-культурную славутасць.

Асаблівую цікавасць выклікае той факт, што менавіта на гэтым востраве быў знойдзены цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай Валадаркі азёраў, свята якой, штогод збірае разам каля абраза вернікаў з розных куткоў Беларусі, каб пакланіцца Маці і выказаць Ёй сваю падзяку і пашану.

Парафіяльны сайт  Браслаўскага Санктуарыя падае такую гісторыю цудадзейнага абраза:

На пачатку XVI стагоддзя ў Браславе быў заснаваны праваслаўны манастыр, які пазней перанеслі на адзін з 15 астравоў возера Неспіш. У 1596 годзе манастыр далучыўся да ўніі з Рымам, а ў 1744 годзе быў уключаны ў спіс манастыроў, у якіх шануюцца цудадзейныя абразы. Такім чынам, ужо ў тыя часы абраз Маці Божай Браслаўскай быў вядомы як цудадзейны і адораны ласкай Божай. Велізарны натоўп вернікаў збіраўся на беразе, каб пабачыць абраз, які ў пэўныя дні выносілі з царквы…

Слава Мадонны з вострава на Неспішы пашыралася. Але 21 жніўня 1832 года ў манастыры здарыўся моцны пажар (ёсць меркаванне, што манастыр загарэўся ад маланкі). Усе манастырскія будынкі былі знішчаны агнём. Ацалеў толькі абраз! Паводле аднаго з паданняў, моцна абгарэлую ікону знайшлі на наступны дзень ужо на іншай выспе…

Так супала, што за шэсць гадоў да пажару пачалі будаваць новы касцёл у Браславе. Таму пасля таго, як святыня засталася без храма, было вырашана перанесці абраз ва ўжо амаль дабудаваны касцёл (будаўнічыя працы працягваліся да 40-х гадоў XIX стагоддзя). Але, калі верыць паданням, зрабіць гэта ўдалося не з першага раза. Ужо перанесены абраз нейкім цудоўным чынам вяртаўся на востраў (і так адбывалася неаднойчы!), дзе яму да гэтага прыносілі пашану некалькі стагоддзяў запар.

Як бачым, народныя легенды надзяляюць ікону цудадзейнаю моцаю. “На жаль, ніякіх дакументальных сведчанняў аб тым, што Маці Божая Браслаўская спрычынілася да нейкага значнага цудадзейства, да нашых часоў не дайшло. Але тое, што абраз вельмі шанавалі ў краі – факт бясспрэчны. Доказам таму з’яўляецца існаванне копій іконы, якія былі распаўсюджаны ў рэгіёне і карысталіся вялікім аўтарытэтам. Святыню ведалі не толькі на Браслаўшчыне”.

А для браслаўчан і мясцовых святароў ці не галоўным цудам, якое ўчыніла Браслаўская Мадонна ў папярэднім стагоддзі, было тое, што ў савецкі час браслаўскі касцёл амаль не зачыняўся. І нават у 50-я гады, калі было забаронена праводзіць у ім набажэнствы, рэлігійнае жыццё ў Браславе не перарывалася.

А праз два гады ўлады былі вымушаныя вярнуць касцёл парафіянам. Прычым да гэтага надзвычайнага для часоў ваяўнічага атэізму кроку падштурхнулі мясцовых “валадароў” даволі таямнічыя абставіны. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што міліцыянеры, якія ахоўвалі касцёл, аднойчы ўчынілі страляніну па храме. Здарылася гэта ўначы. Як потым тлумачылі гора-стралкі, яны штоноч бачылі ля сцен касцёла нейкія здані. Былі гэта прывіды, духі ці анёлы – немаведама, але нервы ў ахоўнікаў ў рэшце рэшт не вытрымалі. Каб канчаткова сябе не скампраматаваць, улады пайшлі на саступкі і дазволілі маліцца ў храме.

22 жніўня 2009 г. адбылася каранацыя абраза папскімі каронамі. Узначаліў святую Імшу і каранаваў абраз кардынал Ёахім Майснер, Мітрапаліт Кёльнскі (Германія).

Падрыхтавала Вікторыя Колзун

для друку для друку