Малітва праслаўлення — дзіўная…

Сваімі разважаннямі і досведам пра харызматычную малітву праслаўлення, якая стала шырока распаўсюджвацца ў Каталіцкім Касцёле ў другой палове ХХ ст. і называецца часам проста малітвай праслаўлення, дзеліцца Аляксандра Шчыглінская.

Малітва праслаўлення многім людзям падаецца незразумелай і нейкай чужароднай, маўляў, у Касцёле традыцыйна такога не было і канцэртам у касцёле не месца. Іншыя ж кажуць аб тым, што харызматычная малітва праслаўлення — гэта ўздзеянне на эмоцыі, што падчас малітвы не патрэбна і нават небяспечна.

Але такія погляды на харызматычную малітву (ці малітву праслаўлення, як яе яшчэ называюць) нараджаюцца перш за ўсё з-за нашага няведання і павярхоўнага стаўлення да гэтай з’явы. І яшчэ проста таму, што мы такога не ведалі раней — вось нам аўтаматычна і «не падабаецца». Але трэба спачатку разабрацца, што гэта, а потым фармаваць сваё стаўленне.

Першае, што хочацца сказаць і што я асабіста лічу важным, — харызматычны рух зацверджаны Каталіцкім Касцёлам, і гэта не штосьці чужароднае, але адзін са шляхоў духоўнасці, якіх у Касцёле вялікае мноства. Гэта азначае, што малітва праслаўлення — не нейкая памылка і не канцэрт, а прынятая Касцёлам форма малітвы, якая сярод іншых формаў вартая павагі і… нашай увагі.

Старонка гісторыі

Каталіцкі харызматычны рух распаўсюдзіўся пасля Другога Ватыканскага Сабору, і на дадзены момант прадстаўлены афіцыйна праз ICCRS — «Міжнароднае служэнне Каталіцкага харызматычнага абнаўлення».

14 сакавіка 1992 г., падчас аўдыенцыі, святы папа Ян Павел ІІ сказаў такія словы пра харызматычны рух: «Як не падзякаваць Богу за багаты плён, які на працягу мінулых дзесяцігоддзяў у жыцці асобных людзей і супольнасцяў прынясло Аднаўленне ў Святым Духу? Безліч людзей зразумелі важнасць Святога Пісання для хрысціянскага жыцця, адкрылі ў сабе нанова важнасць і сэнс малітвы, а таксама глыбокае прагненне святасці, вярнуліся да святых сакрамэнтаў, увайшлі ў больш поўнае разуменне свайго хрысціянскага паклікання і прысвяцілі сябе служэнню Касцёлу з вартай здзіўлення ахвярнасцю»[1].

Таксама і папа Бэнэдыкт XVI, тады яшчэ кардынал Ёзаф Ратцынгер, займаючы пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння, прыхільна выказаўся аб каталіцкім харызматычным абнаўленні: «…у гэтым выпадку ідзе гаворка пра надзею, пра пазітыўны знак часу, пра Божы дар нашаму часу. Гэта паўторнае адкрыццё радасці і багацця малітвы насуперак закасцянелым і сухім тэорыям і практыкам секулярызаванага рацыяналізму. Я і сам пераконваюся ў тым, што харызматычны рух карысны і варты даверу»[2]. Дарэчы, кардынал Ёзаф Ратцынгер належаў да групы тэолагаў-кансультантаў, якія распрацоўвалі Першы малінскі дакумент «Тэалагічныя і душпастырскія арыенціры Каталіцкага харызматычнага абнаўлення».

Такім чынам, харызматычны рух у Касцёле — гэта нашмат больш глыбокая і станоўчая з’ява, чым проста канцэрт са спецэфектамі ці эмацыйная малітва… Ён увогуле не з’яўляецца такім. Проста так нам здаецца ад няведання і ад таго, што раней мы не сустракаліся з такім спосабам малітвы ў Беларусі.

Мой асабісты досвед

Так склалася, што я прыйшла да Бога ў невялічкай парафіі ва Украіне, што якраз належала да харызматычнага руху. Я не ведала іншага спосабу малітвы, і мне ён адразу вельмі спадабаўся менавіта не музыкай ці спецэфектамі, а жывымі адносінамі з Богам, якія я заўважала ў людзей навокал, і гэтыя жывыя адносіны з Богам сталі важнымі і для мяне. З цягам часу, калі я прыехала ў Беларусь, мы з сябрамі сталі збірацца ў харызматычнай малітоўнай групе Via Dolorosa, а пазней быў заснаваны мінскі філіял Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі, якім я некаторы час займалася як свецкі каардынатар.

За гэты час я была на шматлікіх малітвах праслаўлення, грала на іх як музыкант і вельмі цешылася, што гэты рух нараджаецца ў Беларусі. Я ўбачыла, што ў беларускіх рэаліях шмат неразумення ў адносінах да «харызматаў», хаця гэтая з’ява зацверджана Касцёлам і ў сваёй сутнасці вельмі добрая. Касцёл у гэтым сэнсе вельмі разнастайны: у ім шмат рухаў і супольнасцяў, і я лічу, што трэба адносіцца з павагай да кожнага з іх.

Плюсы, якія я бачу ў каталіцкім харызматычным абнаўленні, — гэта асабістае асэнсаванне веры, жывыя адносіны з Богам. Яны не пярэчаць «традыцыйным» практыкам, а з’яўляюцца іх сэрцам і заклікаюць перажываць іх нанова. Адсюль нараджаецца прагненне больш глыбока вывучаць Святое Пісанне і жыць, імкнучыся да святасці. І гэта не эмоцыі, гэта — духоўная з’ява: калі мы адкрываемся на дзеянне Святога Духа, мы з зусім іншым усведамленнем падыходзім да нашага духоўнага жыцця.

Не проста канцэрт

Памылковай з’яўляецца думка, што малітва праслаўлення — гэта проста канцэрт са спецэфектамі і хрысціянскімі песнямі. Насамрэч, канцэрт ад малітвы вельмі адрозніваецца. І гэта патрабуе ўсведамлення з абодвух бакоў: таго, хто вядзе малітву (грае, спявае), і таго, хто ў ёй удзельнічае. Адны і тыя ж спевы, як ціхія, так і вельмі гучныя, можна спяваць па-рознаму: калі той, хто спявае, сапраўды моліцца і звяртаецца да Бога, то такая малітва мае вялікую моц. Як казаў святы Аўгустын: «Хто спявае, той двойчы моліцца».

У Святым Пісанні шмат прыкладаў малітвы праслаўлення (малітвы з музыкай): праслаўленне Бога ізраэльскім народам пасля пераходу праз Чырвонае мора; праслаўленне караля Давіда, які ўсталяваў кругласутачнае праслаўленне каля скініі; Новы Запавет нам кажа: «Настаўляйце адзін аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу» (Кал 3,16б); нарэшце, у кнізе Апакаліпсіса св. Яна прадказана, што выбраныя будуць спяваць Богу «новую песню» (Ап 14, 3). Такім чынам, можна задаць сабе пытанне: што мы будзем рабіць у вечнасці, калі яшчэ тут, на зямлі, не навучымся праслаўляць Бога?

У нашых рэаліях…

Як я ўжо сказала, у нас на Беларусі харызматычны рух звязаны з непаразуменнямі і перасцярогамі. Але ёсць зацікаўленыя людзі, якія б вельмі хацелі ўдзельнічаць у харызматычных рэкалекцыях, малітоўных групах і малітвах праслаўлення. Як жа зрабіць так, каб пазнаёміцца з гэтым рухам, быць адкрытымі на дзеянне Святога Духа і адначасова не нарабіць памылак? На маю думку, тут ёсць некалькі момантаў.

Па-першае, вельмі важнай з’яўляецца адукацыя ў гэтай сферы. Большасць людзей у Беларусі не ведае, што харызматычны рух — афіцыйна прызнаны, што ён шырока распаўсюджаны ва ўсім свеце. Патрэбны адукаваныя душпастыры і лідары, якія змогуць растлумачыць людзям і навучыць іх, як правільна праводзіць малітву праслаўлення, што такое духоўныя дары і як імі карыстацца, што такое малітва аб аздараўленні і г.д. На маю думку, вялікая памылка і небяспека ў тым, што людзі, не ведаючы нюансаў, трактуюць харызматычную малітву як «уваход у духоўны свет», стараюцца нешта адчуць, перажыць, атрымаць духоўныя дары. Гэта небяспечна, таму што ў духоўным свеце ёсць не толькі добрыя духі, але і злыя, і гуляць з гэтым нельга. Але калі мы будзем радасна, з вераю праслаўляць Хрыста і шукаць менавіта Яго сваім позіркам — гэта і будзе сапраўдная малітва, з якой вынікаюць усе неабходныя Божыя ласкі. Трэба шукаць Бога, а не Яго дароў, не эмоцый.

Па-другое, для таго, каб харызматычны рух развіваўся ў Беларусі, павінны з’явіцца душпастыры, якія будуць гэта любіць, бо толькі той, хто любіць, укладзе ўсё сваё сэрца і зробіць гэта з усёй старанасцю.

І трэцяе — трэба маліцца. Згадаем, што гісторыя каталіцкага харызматычнага руху пачалася ў 1967 г. менавіта з малітвы студэнцкай супольнасці ў каталіцкім універсітэце Святога Духа імя Дзюкейна ў Пітсбургу (ЗША). «Бог прыходзіць туды, дзе Яго чакаюць», — пачула я аднойчы. Напэўна, так яно і ёсць.

«Бо разалью воды на зямлю сасмаглую

ды рэкі на сухую,

вылью ад Духа Майго на патомства тваё

і благаслаўленне Маё на нашчадкаў тваіх» (гл. Іс 44, 3).

Будзем жа маліцца, а Бог расставіць усё на свае месцы.

Аляксандра Шчыглінская, ave-maria.by

для друку для друку