Малітоўная сустрэча на тэму «Пакаянне» прайшла ў Мастах

Малітоўная сустрэча, прымеркаваная да распачацця Вялікага посту, адбылася 18 лютага ў касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах. Спатканне, якое правёў пробашч парафіі кс. Віктар Ханька, было прысвечана тэме пакаяння.

«Мы вельмі часта выкарыстоўваем слова «пакаянне», але, на жаль, не заўсёды разумеем яго дакладнае значэнне», — адзначыў святар.

Паводле слоў кс. Віктара, «калі чалавек шкадуе, што ў выніку ягонага граху пакутуе іншая асоба — гэта не пакаянне. Калі чалавеку дрэнна, калі яму баліць сумленне — гэта «гаворыць» ягонае эга. Пакаянне — гэта бачыць слёзы Хрыста, Ягоныя раны, нанесеныя мною. Пакаянне — гэта прыняцце горкай праўды пра сябе і жаданне выправіцца.

Пакаянне з’яўляецца галоўнай прыкметай любові да Бога. І менавіта любоў, а не страх, боль, ці жаданне наследаваць іншых павінна быць галоўным матывам ва ўзаемаадносінах з Богам».

Пасля сабраныя разам адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант. На заканчэнне парафіяне маліліся аб вызваленні з граху і плённым перажыванні перыяду Вялікага посту, каб Бог дазволіў глыбей пагрузіцца ў таямніцу Адкуплення і прааналізаваць сваё жыццё.

Ірэна, grodnensis.by

для друку для друку