«Мала казаць, шмат разважаць і заглыбляцца ў малітве»: у Магілёве прайшоў ІІ Ружанцовы кангрэс (+аўдыё дакладаў)

6 кастрычніка 2018 года ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве адбыўся другі Ружанцовы кангрэс. Падобна як і ў мінулым годзе, мэта кангрэса, які арганізуюць айцы дамінікане, – духоўная і інтэлектуальная фармацыя асоб, якія горача моляцца на ружанцы. У гэтым годзе асаблівым апекуном Кангрэса быў св. Тамаш з Аквіну.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, шчыра прывітаў прыбыўшых на мерапрыемства з розных куткоў Беларусі. Іеррах прыгадаў адкуль нарадзілася думка арганізоўваць Ружанцовыя кангрэсы ў Магілёве? “Год назад Касцёл святкаваў 100 год з дня аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме, якая асабліва прасіла маліцца на Святым Ружанцы аб навяртанні, аб абнаўленні. Менавіта айцы-дамінікане, якія служаць тут, асабліва а. Раман Шульц ОР запрапанаваў арганізаваць першы Ружанцовы кангрэс. У мінулым годзе ўдзел прынялі 230 чалавек і кангрэс быў не толькі прыгожы знешне, але вельмі глыбокі. Калі развітваліся, амаль усе прасілі працягваць далей гэтую ідэю”, — адзначыў біскуп Аляксандр.

Першым з дакладам «Жыццё святога Тамаша Аквінскага, доктара Касцёла» выступіў айцец Віталій Сапега OP.

Трэба заўсёды глядзець на гістарычны кантэкст жыцця святога. Св. Тамаш мала казаў, шмат разважаў і заглыбляўся ў малітве. Вера і розум – мы павінны карыстацца імі ў нашым жыцці. Падсумаваннем жыцця святога з’яўляецца пошук праўды, ідэал убоства, жыццё ў супакоі, цішыні і засяроджанасці.

Пасля прагучаў даклад айца Міхала Ермашкевіча ОР пад назвай «Каментарый св. Тамаша Аквінскага да малітваў: “Ойча наш”, “Вітай Марыя” і Credo».

Адзінай мэтай нашага хрысціянскага жыцця з’яўляецца перайсці з зямнога жыцця да вечнага. Мы маем шмат сродкаў: Касцел – містычнае Цела Хрыста, святыя Сакраманты, малітва, на якую павінны, як. Св. Тамаш, прысвячаць вялікую частку жыцця. Ружанцовая малітва – гэта біблійная малітва, якая грунтуецца на Святым Пісанні. Св. Тамаш пісаў гэтыя каментарыі падчас сваіх рэкалекцый, перажываючы духоўную аднову. Дакладчык прадставіў пяць рысаў добрай малітвы: упэўненая, правільная, упарадкаваная, пабожная, пакорная. Трэба як св. Тамаш ведаць, чаго жадаць, да чаго імкнуцца і чаго пазбягаць у сваім жыцці.

Потым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманта і малітва ружанцовая з медытацыяй на першую суботу месяца.

Пасля абеду да сабраных звярнуўся з дакладам і прэзентацыяй кнігі  “Святы Тамаш прачытаны нанова” спадар Алесь Жлутка.

Св. Тамаш звяртаецца да мудрасці, але не людскай, а Божай. Калі мы жадаем быць мудрымі, то ў першую чаргу карыстаемся з Божай мудрасці.

Апошнім свой даклад прадставіў айцец Марыян Ханусэк OP — “Святы Тамаш — вучань і настаўнік. Любоў да Святога Пісання”.

Айцец Марыян паказаў наколькі важным у жыцці, навуковай дзейнасці, прапаведванні і для св. Тамаша асабіста было Святое Пісанне.

Слухачы маглі задаць пытанні выступоўцам і некаторыя скарысталіся з гэтай магчымасці.

Пасля маленькага перапынку настаў час на сведчанні аб ласках, атрыманых праз пасрэдніцтва Каралевы Ружанца Святога.

Кульмінацыйным момантам другога Ружанцовага кангрэсу стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

«Эўхарыстыя азначае падзяку Богу Усемагутнаму за тыя ласкі і дары, якія мы сёння атрымалі. Эўхарыстыя — гэта спатканне з Жывым і праўдзівым Богам у Яго слове і Целе, каб мець сілы, мудрасці і дастаткова адвагі, каб ісці разам да Нябеснага Валадарства.

Віцебскі ардынарый падзякаваў біскупу Аляксандру і айцам дамініканам за арганізацыю гэтага кангрэса і за тое, што разам з Марыяй крочаць наперад.

«Вельмі важна адзначыць — сёння Каталіцкі Касцёл Усходу Беларусі (Віцебск і Магілёў) сабраўся разам. Усход, які найбольш пацярпеў за атэістычныя часы, — мы не адны. Вера каталіцкая трывае і яна жывая», — адзначыў біскуп Алег напачатку.

Падчас гаміліі біскуп Буткевіч паразважаў над моцай ружанца і таксама ўзгадаў моманты малітвы ў дзяцінстве і склаў сведчанне плёну ружанцовай малітвы сваіх бацькоў.

Другі Ружанцовы кангрэс завяршыўся, а айцы дамінікане ўжо запрасілі вернікаў на наступны год у кастрычніку на ІІІ Ружанцовы кангрэс.

Дадзеныя ад арганізатараў ІІ Ружанцовага кангрэсу:

  • Геаграфія ўдзельнікаў: Бабруйск, Баранавічы, Бараўляны, Беразінскае, Браслаў, Варшава, Віцебск, Глыбокае, Глуск, Жодзіна, Маладзечна, Мар’іна Горка, Магілёў, Мінск, Мядзел, Негарэлае, Нясвіж, Паставы, Полацк і Санкт-Пецярбург.
  • Агульная колькасць – 321 асоба.
  • 2 біскупы, 17 святароў.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>

для друку для друку