«Майская сустрэча» для супрацоўнікаў і валанцёраў «Карытас» прайшла ў Лепелі

4У жыцці Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” добрай традыцяй стала правядзенне «Майскай сустрэчы» для супрацоўнікаў і валанцёраў арганізацыі, паведамляе caritas.by.

Сустрэча, якая адбылася 25 мая ў г. Лепель (Віцебская дыяцэзія), распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.  Напачатку дырэктар “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч прывітаў іерарха і ўсіх прысутных. Біскуп Алег у сваім прывітальным слове адзначыў знакавасць «Майскай сустрэчы» ў дзень свята Найсвяцейшай Панны Марыі і выказаў радасць прысутнасці сярод супрацоўнікаў і валанцёраў “Карытас”.

Падчас гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць вобраза Божай Маці, якая з’яўляецца таксама Маці ўсяго Ксцёла. Яе прыклад пакоры і паслухмянасці, які яскрава ўзгадваецца ў слове Божым падчас цуду ў Кане Галілейскай, вучыць увазе ў адносінах да іншых. “Божая Маці заўважае праблему іншага чалавека, больш таго, цяжкую для вырашэння. Яна звяртаецца да свайго Сына, і чуе ў адказ, што гэта не Яе справа. Жаданне дапамагчы іншым прывяло яе саму ў нязручную сітуацыю. Яе прыклад – прыклад поўнага даверу Богу і Яго Сыну.  Давер Сыну Божаму ёсць ў тым, што калі мы просім, Ён чуе нас. І Марыя паказвае, што гэта сапраўды дзейнічае. Інакш кажучы, дзейнічае прынцып дапамогі іншаму чалавеку, якога трымаюцца супрацоўнікі “Карытас” у сваёй дзейнасці. Перш чым дапамагчы іншаму, напачатку трэба паверыць Богу самому. Але “паверыць у Бога” і “даверыцца Богу” – гэта дзве розныя рэчы. Менавіта таму ў нашай рэчаіснасці мы павінны вучыцца гэтаму даверу. І сёння мы бачым, што Ён сапраўды дзейнічае”.

Напрыканцы святой Імшы кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар “Нацыянальнага Карытас”, выказаў словы падзякі ад імя ўсёй арганізацыі біскупу Алегу за яго прысутнасць, за малітву Пану Богу ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў і за перажыты год, а таксама за пастырскае слова падчас святой Імшы, якое вельмі актуальна для “Карытас”. Ён падкрэсліў, што сапраўдным рухавіком нашага жыцця павінны быць не матэрыяльныя каштоўнасці, а давер Богу, як казаў біскуп Алег. Кс. Віктар падзякаваў таксама ўсім дырэктарам дыяцэзіяльных “Карытас”, асабліва дырэктару “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі за добра падрыхтаваную праграму на «Майскую сустрэчу». А ўсім супрацоўнікам і валанцёрам “Карытас” святар пажадаў бачыць у кожным, хто патрабуе, па прыкладу Маці Тэрэзы з Калькуты, постаць самаго Хрыста.

Пасля святой Імшы адбылося паседжанне Рады “Карытас”, падчас якога былі абмеркаваны актуальныя пытанні, асаблівым чынам удзел “Карытас” у Будслаўскім фэсце.

Фінальнай кропкай сустрэчы стала праграма  для ўсіх удзельнікаў «Майскай сустрэчы» з мерапрыемствамі, накіраванымі на развіццё каманднага духу.

2 3

для друку для друку